Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:артур-вольскі:артур-вольскі-мой-скарб

Артур Вольскі — Мой скарб

Як і кожны ў маёй старане,
я багацце нязмернае маю.
Ды не ў грошах, не ў золаце – не!
У любові да роднага краю.

Гэты скарб не схаваны ў зямлі,
не закуты ў іржавай скарбонцы.
Ён вясною з адталай раллі
узнімаецца рунню да сонца.

Не кладзецца ў далярах на стол
і працэнтаў мой скарб не прыносіць.
Ён пладамі даспелымі ў дол,
рэха будзячы, бумкае ўвосень.

Скарб той крыецца ў кожным кутку
неабсяжнай маёй Беларусі.
Рады я дружбаку, земляку,
з ім пароўну багаццем дзялюся.

Беларусь!
Узараную,
дымную,
у лістоце бяроз і дубоў –
абдымаю цябе,
неабдымную,
ты – багацце маё і любоў.

Падобныя старонкі

творы/артур-вольскі/артур-вольскі-мой-скарб.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki