Аркадзь Куляшоў — Карусель

Бальшаком, на край зямлі і неба,
Я ўсю ночку цёмную ішоў,
Даганяў і абганяў, дзе трэба,
З лубкамі і сітамі дзядзькоў.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ёсць на свеце роднае мястэчка,
Там штогод бываюць кірмашы;
Міма школы меленькая рэчка
Без мяне адна плыве ў цішы.

Мне дакор яе далёкі, звонкі
У забытым чуецца трысці.
Заўтра кірмашовы дзень.
У жонкі
На дзень адпрасіўся:
– Адпусці.

У сяброў па школе даўні звычай -
На кірмаш сысціся,
Пагуляць…
І на каруселі маляўнічай
Разам адкружыць хвілінак пяць.

Кожны мае дружбака такога,
Захавана ў сэрцы да якога
Прыязні даўнейшай цеплыня.
Кірмашовы дзень,
Гарачыня.

Вось у кірмашовы б дзень выходны
З ім ці з ёй зайсці ў куток выгодны
(Ёсць такія на зямлі куткі) –
Раз у сем гадоў павіць вянкі.

Пачуццё былое да дзяўчынкі
Нёс і я.
І тут яе сустрэў.
Між густых аглобляў, як між дрэў,
Я іду на аганёк касынкі.

А дзяўчына лузганцы кусае
І таксама некага шукае,
І ў вачах блукае неспакой,
І крычу я радасна:
– Пастой!

Мы адны з ёй. З нашых – больш нікога.
Той жа рып гармоняў, бубнаў гром.
Тая ж з кірмашу пад гай дарога.
– Што ж, пайшлі?
– Пайшлі…
І мы ідзём.

Сем гадоў не бачыліся – раз,
Замуж выйшла,
Добра ладзіш з мужам;
Дзе ж ты, карусель? За ўсё адкружым,
Як усё кружылася за нас.

Добры дзень, знаёмыя мясціны,
Карусель,
Крылатая душа!..
Гай шумлівы, гоман кірмаша,
Печанага хлеба водар кмінны.

1939 г.

Падобныя старонкі