Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-грачанікаў:анатоль-грачанікаў-два-каты

Анатоль Грачанікаў — Два каты

На падворку –
Два каты,
Кот стары
І малады.

Верабейка
Падляцеў,
На дрывотню
Раптам сеў.
Аблізалі
Два каты
Два галодныя
Раты.
Пачасалі
Кіпцюры
І – наперад
Па двары.

Ды не скокам,
Ды не бокам,
А, прыпаўшы
Да зямлі,
Па-пластунску
Папаўзлі.

Хітры быў
Намер катоў:
Запаўзалі
З двух бакоў.
Верабейку ж
На дрывах
Ахапіў
Вялізны страх:
І ўзляцець
Ужо не можа,
І ніхто
Не дапаможа.
Што там
Птушка верабей!
Па сакрэту
Вам скажу я,
Часам
Нават і людзей
Страх
На міг паралізуе.

Але можна
І са страху
Нечуваную
Адвагу
Нечакана
Праявіць,
Калі страх свой
Заглушыць.

І як скочылі
Каты,
Два ашчэрыўшы
Раты,
Кожны злосны,
Нібы змей, –
Пырхнуў раптам
Верабей!
Што ж
З катамі-хітрунамі?
Лупануліся
Ілбамі
І – маланкамі
Ў бакі,
Улавіўшы
Гузакі.

Падобныя старонкі

творы/анатоль-грачанікаў/анатоль-грачанікаў-два-каты.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki