Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:анатоль-вялюгін:анатоль-вялюгін-спелы-бор

Гэта старая версія дакумента!


Анатоль Вялюгін — Спелы бор

З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
у спелым леце,

спелы бор,

звіняць твае званіцы.

У душным водары палян,
дзе маладосць хадзіла,
багун,

дурнічнік,

дурнап’ян –

раздзьмулі ўсе кадзіла.

Стаяць палкі баравікоў;
дрыжыць басок чмяліны.
Глыбокі мох,

на лісцях кроў

мядзведжае маліны.

Падсочак стрэлы на ствалах,
нібы крыжы пакуты.
Спяшаецца барсук-манах
у цёмны свой закутак.

Бурштынных смол здаровы дух.
На кроне ў высі яснай
не аблачынак белы пух –
дзярэ анёла ястраб.

На кожным кроку навіна,
і душна ад чабору,
а песню кожная сасна
свайму спявае

бору.


1959


Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.

Адказы на пытанні:
1. Аўтар адносіцца да прыроды, як да храму. Аўтар пакланяецца прыгажосці і некранутасці прыроды, захапляецца лесам, яго багаццямі і хараством.
2. Для аўтара бор – гэта святое месца, якому павінны пакланяцца, берагчы, паважаць, любіць. Лес – наша галоўнае багацце, лічыць аўтар: ён корміць, вучыць, выховае, адорвае ляснымі багаццямі.
3. Метафары:
«маладосць хадзіла» (аўтар з маладосці ходзіць у лес);
«багун, дурнічнік, дурнап'ян – раздзьмулі ўсе кадзіла» (параўноўваецца з моцным пахам ладану, які ідзе ад кадзіла);
«дрыжыць басок чмяліны» – пчолы гудуць на нізкай ноце, быццам басам;
«спяшаецца барсук-манах» – барсук параўноўваецца з манахам, барсук усё жыццё праводзіць у лесе, як і манах у храме.
4. У апошніх двух радках паэт вобразна малюе сасновыя бары, сотні сосен якіх шумяць ад подыхаў ветру, і калі прыслухоўвацца, можна адчуць і зразумець іх шумныя траскучыя песні.
5. Верш Анатоля Вялюгіна «Спелы бор» смела можна назваць гімнам прыродзе. Аўтар у ім сцвярджае думку, што лес – гэта храм, святое месца, якое павінна застацца недатыкальным, прыгожым, яго патрэбна зберагаць, цаніць, нават пакланяцца яму, бо ён дае чалавеку жыццё, паветра, ежу і інш.

Падобныя старонкі

  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-белазорае-бабіна-лета
  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-лета
  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-сланечнік-з-прабітай-гал
  • анатоль-вялюгін/творчасць-анатоля-вялюгіна
  • анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-дзіва
творы/анатоль-вялюгін/анатоль-вялюгін-спелы-бор.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki