Гэта старая версія дакумента!
Анатоль Вялюгін — Лета
Паглядзі з гары, дзе ў поўдзень ясны
ад спякоты млеюць саснякі –
бліснуць цёплыя пяскі,
як дзясны
абмялелае ракі.
Перакаты плыткія іскрацца
вогненнымі дыскамі святла.
Жоўты рай, дрымотны рай акацый
паланіла рупная пчала.
I бальшак, і лес – усё спавіта
душнаю зялёнаю смугой:
гэтак хораша красуе жыта,
сонца засланяючы сабой.
Астравок шыпшыны ў ціхім полі
пахавалі хвалі збажыны.
Крыламі махаючы паволі,
над зямлёй павіслі каршуны.
Адвячоркам падае барометр.
Наплываюць хвалі спакваля.
У вятрах,
у клубах пылу,
ў громе
страпянецца чэрствая зямля.
Скокам-бокам – кінецца, як заяц,
застукоча ў шыбы спорны дождж.
I адрэжа хмар цяжкі акраец
кожнай ніве
бліскавіцы нож.
Падстаўляй далоні вадаспаду,
слова цёплае сябрам скажы:
– Хай для нас
па нашаму нараду
смаліць сонца і шумяць дажджы!..
1948
Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.
Падобныя старонкі
- якуб-колас/якуб-колас-лета
- шчаслівая-ўсмешка-лета
- летам-у-бары
- максім-багдановіч/максім-багдановіч-плакала-лета-зямлю-пак
- сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-лета