Аляксей Якімовіч — Падзяка
На прыгуменні выраслі суніцы. Першым кусцікі суніц заўважыў малы Алесь.
– Тата, глянь! У нас нейкае новае зелле з’явілася. Я яго зараз вырву, – сказаў ён і рашуча накіраваўся да кволенькіх зялёненькіх кусцікаў.
– Не руш, Алесік, – спыніў тата. – Гэта суніцы. Хутка яны зацвітуць і парадуюць нас салодкімі духмянымі ягадамі.
Алесь нагнуўся каля кусціка і прыўзняў сцябліну, якая заканчвалася трыма тонкімі зубчатымі лісцікамі, падобнымі на незвычайныя сэрцайкі.
– Суніцы трэба абгарадзіць, каб гусі не патапталі, – прапанаваў тата.
Алесь і тата абгарадзілі сямейку суніц калочкамі і пайшлі ў хату.
Лагодныя вясеннія дзянькі прабягалі непрыкметна, як прабягаюць шчаслівыя імгненні.
Бавячыся, Алесь забыўся пра суніцы, што выраслі на прыгуменні.
Аднаго дня, раніцай, тата прынёс талерку, на якой ляжалі чырвоныя ягады.
– Частуйся суніцамі з прыгумення, сынок!
– Яны выраслі, не патапталі іх гусі! – усклікнуў Алесь і ўзяў з талеркі макраватую ад расы і туману ягаду. – Дзякуй табе, тата.