Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:аляксей-якімовіч:аляксей-якімовіч-неслух

Гэта старая версія дакумента!


Аляксей Якімовіч — Неслух

На агародзе, за старым плотам, жылі Сланечнік, Кроп і Цыбуля. Памыюцца, бывала, расою, з цёплым сонейкам павітаюцца і пачынаюць адзін аднаму розныя гісторыі расказваць. І пра тое, як сюды, на агарод, трапілі, і пра тое, як з зямлі вырасталі, падымаліся.
Прачнуліся аднойчы рана-раненька, і высокі Сланечнік усклікнуў:
– А ў нас новы сусед!
Прыгледзеліся Кроп і Цыбуля: сапраўды, ляжыць каля плота, у разорцы, штосьці кругленькае, зялёнае, паласатае.
– Мячык гэта, – расчаравана прамовіла Цыбуля.
– І праўда, – падтрымаў яе Кроп. – Відаць, суседская дзяўчынка забылася.
– Давайце спытаемся, мячык ён ці не, – прапанаваў Сланечнік і, сагнуўшыся ў паклоне, прывітаўся: – Добры дзень, сусед. Як цябе завуць?
– Гарбуз, – нясмела адказаў той.
– Чаго ты ў разорцы хаваешся? Да нас ідзі, – паклікала Цыбуля.
– Баюся, – ледзь чутна прашаптаў Гарбуз.
Ён быў яшчэ маленькі і таму ўсяго-ўсяго на свеце баяўся: і сярдзітай пчалы, і калючага асоту, і нават звычайнага матыля.
– Які ён паласаценькі! – усклікнуў у захапленні Сланечнік.
– Які ён кругленькі! – дадаў Кроп.
– Якое ў яго прыгожае імя! – шчыра пазайздросціла Цыбуля.
Хваляць Сланечнік, Кроп і Цыбуля, новага суседа, не нацешацца ім. А ён слухае ды гонару набіраецца. Асмялеў, з разоркі выскачыў:
– Я самы спрытны, я самы дужы! Я і на плот магу залезці!
– Навошта на плот лезці? – дзівіцца Сланечнік. – Няўжо табе з намі сумна?
– Разаб’ешся, – папярэджвае Кроп. – Хіба не бачыш, што ў плоце слупы струхнелыя?
Гарбуз і слухаць не хоча. Ад гонару як на дражджах расце. Учапіўся хвосцікам за штыкетнік і пакарабкаўся наверх.
– Куды ты? – крычыць Кроп.
– Злазь хутчэй, – просіць Цыбуля. – Упадзеш. Вунь які ты тоўсты!
Не слухае Гарбуз суседзяў, лезе на плот і хваліцца:
– Я ўсё магу. Я самы дужы, я самы спрытны!..
І тут падняўся моцны вецер, па агародзе памчаўся. Нахіліліся да зямлі Сланечнік, Кроп і Цыбуля, ад ветру схаваліся. Мінуў іх вецер, на плот наляцеў. Не вытрымалі струхнелыя слупы, паваліўся плот, а за ім – Гарбуз на зямлю грукнуўся. Ды так моцна, што адразу на кавалкі разляцеўся.

Падобныя старонкі

  • алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-хітры-воўк
  • алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-байка-пра-казла
  • алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аўтамат
  • алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-аладкі
  • алесь-якімовіч/алесь-якімовіч-вераб-ёвы-госці
творы/аляксей-якімовіч/аляксей-якімовіч-неслух.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki