Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-разанаў:алесь-разанаў-рэчка-і-возера

Алесь Разанаў — Рэчка і возера

Рэчка – рух, возера – спакой, рэчка – у спрэчцы, возера – у роздуме, рэчка няўрымслівая, як рысак, возера ўстойлівае, як воз, рэчка – у сустрэчах і расставаннях, возера – у сябе дома.
Рэчка «рэкае», возера пазірае, рэчка – прарок, возера – празорца, у рэчку ўслухоўваецца блізкая рэчаіснасць, у возера ўглядаюцца далёкія зоркі.
Рэчку аточваюць карчы, возера абступаюць бярозы, па рэчцы плаваюць качкі, па возеры – лебедзі, рэчка адпрэчваецца ад усяго, што ёй трапляецца, возера ўсё збірае, рэчка – час, возера – «zero» часу, рэчка кручаная, возера роўнае, рэчка – характар, возера – сузіранне, рэчка напружана ўразаецца ў абранае рэчышча, возера зарэзервоўваецца на месцы.
Але з возера заўсёды чэрпаецца гэтакае самае рэчыва, як і з рэчкі, а рэчка заўсёды зараджае гэтакім самым зарадам здароўя, як і возера.

Падобныя старонкі

творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рэчка-і-возера.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki