Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-разанаў:алесь-разанаў-радзіма

Гэта старая версія дакумента!


Алесь Разанаў — Радзіма

Радзіма, да цябе з мальбой
і нараканнем
не скрануся.
Я ў весялосці не з табой,
з табой у роздуме і ў скрусе.

Высвечвала бяздонным дном,
ў акно ўзіралася з'інела,
і ведзьмавала туманом,
і летам бабіным звінела.

Калі будзіла весялосць?!
А прахаплюся — ты ўсё будзіш.
І мне няўцям, адкуль ты ёсць,
адкуль пасля з'яўляцца будзеш.

Ты не ўмяшчаешся ў куток,
дзе трызніць Буг, дзе Белавежа…
Твае не вызначыць мне межы
і не намацаць твой выток.

У свет балючы дабяла,
у снежны свет — мае усходы
ідуць: там ты… там ты была!..
Ты ўся наводдалі заўсёды.

Аналіз верша. Твор, надрукаваны ў другім зборніку паэзіі А. Разанава «Назаўжды», напісаны ў форме традыцыйнага сілаба-танічнага вершаскладання чатырохстопным ямбам, перакрыжаванай і кальцавой рыфмоўкай.
Раскрыццё тэмы верша адбываецца праз выкарыстанне аўтарам антанімічных сцвярджэнняў, асэнсаваных меркаванняў і роздумных прызнанняў. Паэт не апяваў галаслоўную акрыленую любоў да Радзімы, а называў інтэлектуальна адабраныя сітуацыі, калі Радзіма і ён патрэбны адзін аднаму:

Радзіма, да цябе з мальбой
і нараканнем

не скрануся.

Я ў весялосці не з табой,
з табой у роздуме і ў скрусе.

Чаму так, аўтар не патлумачыў. Магчыма, таму, што ён інтэлектуал і роздум і скруха для яго душы больш звыклыя.
Якая Радзіма ў разанаўскім вызначэнні? Розная: бяздонная, з’інелая, чароўная, звонкая, жывая, рухомая – гэта ўсё асацыятыўныя характарыстыкі, якія ўзнікаюць пасля прачытання другой страфы, багатай мастацкімі тропамі (эпітэт, метафара, аксюмаран і інш.):

Высвечвала бяздонным дном,
ў акно ўзіралася з’інела,
і ведзьмавала туманом,
і летам бабіным звінела.

Адкуль прыходзіць Радзіма і дзе яе тэрыторыя? Гэта пытанне таксама падтэкстоўна гучыць у вершы. Іншыя паэты называлі яе межы, зыходзячы з геаграфічных прынцыпаў. Так, Францішак Багушэвіч пісаў у прадмове да «Дудкі беларускай»: «Можа, хто спытае, гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…» Уладзімір Караткевіч эмацыянальна пытаўся і адказваў: «Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа…»
Алесь Разанаў па-іншаму вызначыў прастору Радзімы: яе нельга атаясамліваць з пэўнымі геаграфічнымі межамі, Радзіма – паняцце духоўнае:

Ты не ўмяшчаешся ў куток,
дзе трызніць Буг, дзе Белавежа…
Твае не вызначыць мне межы
і не намацаць твой выток.

Верш «Радзіма…» літаратуразнавец Г. Кісліцына лічыць адным з «лепшых у сучаснай беларускай паэзіі на гэту тэму, які сведчыць, што разанаўскаму таленту заўсёды, пачынаючы з ранніх твораў, былі ўласцівы глыбіня і неартадаксальнасць* погляду». Сапраўды, пазіцыя А. Разанава не адпавядае агульнапрынятым поглядам, яна вылучаецца формай і зместам.

* Неартадакса́льнасць – непрытрымліванне асноў якога-небудзь вучэння, светапогляду, непаслядоўнасць.

Падобныя старонкі

  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-арышт-кастуся-каліноўскага
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-горад
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-вецер
  • алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда
  • алесь-разанаў/творчасць-алеся-разанава
творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki