творы:алесь-звонак:алесь-звонак-курапаты
Алесь Звонак — Курапаты
Капай глыбей, капай смялей, лапата,
Дакопвай жудасць праўды да канца!
Што можа быць страшней за Курапаты,
Страшней, чым кроў і попел Трасцянца?!
Тут свой свайму, зямляк ці брат сабрату
Не шкадаваў смяротнага свінца.
У рукі ўклаў ім «геній» канапаты
Сякеру ката, а не штых байца!
Мінуўшчыны нямазанае кола,
На павароце часу не рыпі!
Не дай наш боль чыноўнае назоле
У папяровым моры утапіць.
Галовы моўчкі пасхіляйма долу,—
На нас глядзяць з дакорам чарапы!
1991
Падобныя старонкі
творы/алесь-звонак/алесь-звонак-курапаты.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin