Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-гарун:алесь-гарун-добрыя-дзеці

Алесь Гарун — Добрыя дзеці

Паставілі дзеці сіло. Вераб’я
Хацелі злавіць на пацеху,
Злавілі сініцу, крычаць: – Вой-я-я!
А радасці колькі, а смеху!

Імчацца да маткі: – Сінічка, глядзі!
– А дзе ж вы узялі? – Злавілі,
Дастань ты ёй клетку, хутчэй пасадзі.
– Нядобра вы, дзеткі, зрабілі!

– Мы будзем яе і паіць і карміць,
Спявала б нам птушка прыгожа.
– Ах, дзеткі! ў няволі яна замаўчыць,
Спяваць у няволі не можа…

Успомніце толькі, як нудна сядзець,
Як з хаты мароз не пушчае.
То ж дзень, вам здаецца, як тыдзень ідзець,
Хоць я і усяк разважаю.

А птушку вы хочаце з хаткі яе
Узяць, пасадзіць у чужую…
Не мучце, пусціце, рыбулькі мае.
На волю яе залатую.

I матчыны словы у сэрцах дзяцей
Ласкавыя струны кранулі.
I добрыя дзеці – прыклад для людзей! –
Сініцы свабоду вярнулі.


Крыніца: Гарун А. Выбраныя творы. Уклад., прадм., камент. У. Казберука. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003. – 448 с.

Падобныя старонкі

творы/алесь-гарун/алесь-гарун-добрыя-дзеці.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki