Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-бачыла:алесь-бачыла-матчына-мова

Алесь Бачыла — Матчына мова

Жывое ў вяках беларускае слова –
Народа душа і народа хвала.
Цябе абзывалі «мужыцкаю мовай»,
А нам жа ты матчынай мовай была.

І самай прыгожай, і самаю мілай,
Той маці, што шыла нам світкі з радна,
Што ўлетку на рэчцы палотны бяліла,
А ўвосень авёс дажынала адна.

Той маці, што зімамі кросны снавала,
Што з самай калыскі, як толькі магла,
Сумленнасці, праўдзе, дабру навучала,
Старанна ад розных хвароб берагла.

Прыеду дадому… І што за праява…
Пачую гаворку, ці песню, ці верш –
Здаецца са мной размаўляеш ласкава,
І сцежкаю поруч са мною ідзеш.

У маках чырвоных гарыць прыгуменне…
О матчына мова! Маленства вясна!
Ніколі ніхто мне цябе не заменіць,
Бо ты, як і маці, на свеце адна.

Падобныя старонкі

творы/алесь-бачыла/алесь-бачыла-матчына-мова.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki