Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-адамовіч:тэма-вайны-ў-творчасці-алеся-адамовіча

Тэма вайны ў творчасці Алеся Адамовіча

Большасць літаратурных твораў Алеся Адамовіча прысвечана Вялікай Айчыннай вайне, што абумоўлена фактамі біяграфіі пісьменніка (яго актыўным удзелам у падпольнай і партызанскай барацьбе). Вопыт перажытага падчас вайны знайшоў сваё адлюстраванне ў дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой»).
Вялікая Айчынная вайна закранула дом кожнага беларускага жыхара, кожную сям’ю. Пісьменнік, імкнучыся замацаваць у народнай памяці трагедыю кожнага чалавека, аб’ездзіў (разам з Я. Брылём і У. Калеснікам) амаль усю Беларусь, запісаў звыш 300 жахлівых маналогаў-успамінаў ад удзельнікаў вайны і ахвяр фашызму. У выніку з’явілася кніга «Я з вогненнай вёскі»– публіцыстычны дакумент-абвінавачанне фашызму, малюнак жудаснага генацыду. Антычалавечая сутнасць фашызму, псіхалогія здрадніцтва раскрываецца ў аповесці А. Адамовіча «Карнікі» – жахлівым расказе пра людзей, якія ператварыліся ў катаў, нелюдзяў.
«Хатынская аповесць», як і многія іншыя творы А. Адамовіча, заснавана на дакументальных фактах. Твор як бы сатканы з успамінаў жывых сведак спаленння беларускіх вёсак, партызанаў, падпольшчыкаў. Галоўным героем аповесці з’яўляецца Фларыян Пятровіч Гайшун, ветэран вайны, выкладчык псіхалогіі. Ён разам з былымі партызанамі Касачом, Косцем, Сталетавым, Лапцёнкам едзе ў Хатынь. Перад вачамі Гайшуна, сляпога чалавека, як бы ажывае ваеннае ліхалецце. Падлеткам ён ваяваў у партызанскім атрадзе, цудам вырваўся з «вогненнай вёскі», бачыў смерць блізкіх людзей, сяброў. Ніколі не можа сцерціся з памяці героя твора жудасная расправа карнікаў над мірнымі жыхарамі вёскі Пераходы, смерць маці, дзвюх сястрычак-блізнят, лепшага сябра… Аповесць гучыць як мастацкі дакумент, абвінавачанне фашызму, як заклік да аб’яднання ў барацьбе з карычневай чумой. Важнае месца ў «Хатынскай аповесці» займае палеміка Гайшуна з яго аспірантам Бокіем, праз якую аўтар спрабуе асэнсаваць складаныя і супярэчлівыя пытанні сучаснасці, абараніць вечныя гуманістычныя каштоўнасці чалавека.
Па матывах «Хатынскай аповесці» ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР пастаўлена п’еса «Вяртанне ў Хатынь». Кінарэжысёрам Э. Клімавым у 1985 г. знята мастацкая кінастужка «Ідзі і глядзі», у аснову якой пакладзена «Хатынская аповесць». Фільм атрымаў першую прэмію на Маскоўскім міжнародным кінафестывалі і ўзнагароджаны залатым медалём.

Падобныя старонкі

творы/алесь-адамовіч/тэма-вайны-ў-творчасці-алеся-адамовіча.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki