Эсэ
Эсэ (франц. essai - спроба, вопыт, нарыс, ад лад. exegium - узважванне) — літаратурны твор, у якім пісьменнік у вольнай форме разважае над нейкімі сацыяльна-палітычнымі, маральна-філасофскімі ці літаратурна-эстэтычнымі праблемамі.
Для эсэ характэрна падкрэсленая суб'ектыўнасць выказвання, свабодная кампазіцыйная структура твора. У ім празаічная мова нярэдка пераходзіць у вершаваную, само ж апавяданне падчас набывае выразную паэтычна-вобразную афарбоўку, афарыстычную сцісласць і трапнасць. Па асноўных сваіх асаблівасцях эсэ супрацьстаіць сістэматычнаму навуковаму разгляду пытання.
У беларускай літаратуры эсэ стала прыкметна пашырацца ў пасляваенны час. Узніклі яго асобныя разнавіднасці: філасофска-псіхалагічнае («Жменя сонечных промняў» Янкі Брыля), літаратурна-крытычнае («Загадка Багдановіча» Міхася Стральцова), белетрызаваны праблемны рэпартаж («Хатынь: боль і гнеў» А. Бялевіча). Даволі часта да эсэ звяртаўся Уладзімір Караткевіч. Вядомыя яго так званыя падарожныя. літаратуразнаўчыя эсэ («Казкі янтарнай краіны», «Званы ў прадоннях азёр», «Saxifraga»), краязнаўчае эсэ пра Беларусь «Зямля пад белымі крыламі». А. Лойка плённа карыстаецца магчымасцямі рамана-эсэ. («Як агонь, як вада…», «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае»).