Энцыклапедыя

Энцыклапедыя (ад гр. enkykliospaideia — кола ведаў) — навуковае ці навукова-папулярнае даведачнае выданне па ўсіх або пэўных галінах ведаў. Матэрыял у такіх выданнях звычайна размяшчаецца паводле алфавітнага, часам — паводле алфавітна-тэматычнага прынцыпу.
Энцыклапедыі падзяляюцца на універсальныя, што ахопліваюць матэрыял па ўсіх галінах ведаў, рэгіянальныя, якія абмежаваны пэўнай тэрыторыяй, галіновыя, прысвечаныя пэўнай галіне ведаў, культуры ці народнай гаспадаркі, і персанальныя, куды ўваходзіць даведачны матэрыял пра нейкую адну выдатную асобу.
Прыкладам універсальных энцыклапедый з'яўляюцца 12-томная «Беларуская Савецкая (1969-1975), а таксама 18-томная «Беларуская энцыклапедыя», выданне якой распачалося ў 1996 г. Прыклад рэгіянальнай энцыклапедыі - «Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя» (т. 1-5, 1978-1982), дзе матэрыял пададзены паводле тэматычна-алфавітнага прынцыпу (даведкі пра літаратуру і літаратараў змешчаны ў 4 і 5 т.). Каштоўнейшыя звесткі па гісторыі і тэорыі літаратуры і мастацтва ўвайшлі ў галіновую «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1-5, 1984-1987). З былых рэспублік СССР падобныя энцыклапедыі маюцца толькі ў Расіі (у прыватнасці, 9-томная «Краткая литературная энциклопедия», 1962-1978). «Украïнська літературна енциклопедія» ў 5-ці тамах з 1988 г. пачала выдавацца ў Кіеве (выйшлі пакуль што чатыры тамы). Услед за ўкраінскім «Шевченківським словником» (т. 1-2, 1976-1977) і рускай «Лермонтовской энциклопедией» (1981) пабачылі свет дзве персанальныя беларускія літаратурныя энцыклапедыі — «Янка Купала» (1986) і «Францыск Скарына і яго час» (1990). Мова шэрагу буйных беларускіх пісьменнікаў разгледжана ў грунтоўнай энцыклапедыі «Беларуская мова» (1994). Звесткі пра многіх дзеячаў культуры, у тым ліку пісьменнікаў, можна знайсці ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1-6, 1993-2003), у аднатомных энцыклапедычных даведніках «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі: X-XIX стагоддзі» (1995), «Беларусь» (1995) і інш. Да энцыклапедый па паўнаце і спосабе падачы матэрыялу прымыкаюць спецыялізаваныя слоўнікі літаратуразнаўчых тэрмінаў.