Хроніка
Хроніка (гр. chronika — летапіс) -
1) жанр эпічнай літаратуры, які падае гістарычныя падзеі ў іх часавай паслядоўнасці. У хроніцы не характары і ўзаемаадносіны дзейных асоб, як у рамане, я найперш сама хада часу арганізуе сюжэт, прадвызначае лёсы персанажаў, сутнасць падзей і г. д. Такія «Палеская хроніка» Івана Мележа, цыкл ваенных раманаў Івана Чыгрынава («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Мы ўсе не згінем»), цыкл раманаў Вячаслава Адамчыка ("Чужая бацькаўшчына", «Год нулявы», «I скажа той, хто народзіцца», "Голас крыві брата твайго"), пенталогія Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце» і інш.;
2) летапісна-гістарычны твор, у якім падзеі фіксуюцца ў іх часавай паслядоўнасці. Парушэнне храналагічнай дакладнасці пры ўжыванні слоў, звязаных з пэўнай гістарычнай эпохай, вядзе да ўзнікнення анахранізму. Напрыклад: «У XVIII ст. ў Ленінградзе… » (назва горада на Няве, ужытая аўтарам, была невядома тады; правільнае напісанне - у Санкт-Пецярбургу). Хроніка вельмі блізкая да звычайнага летапісу, але адрозніваецца ад яго большай закончанасцю і цэласнасцю. У сярэднія вякі была вельмі пашырана ў Еўропе. З беларускіх хронік таго часу вылучаюцца «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца», «Баркулабаўская хроніка», «Магілёўская хроніка» і іншыя.
Матэрыялы асобных хронік выкарыстоўваюцца ў мастацкай літаратуры. Так, у аснову рамана Леаніда Дайнекі "Меч князя Вячкі" ляглі асобныя падзеі, зафіксаваныя ў «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага (1224-1227).