Тэксталогія
Тэксталогія (ад лад. textus - тканіна, сувязь і грэч. logos - слова) — дапаможная галіна літаратуразнаўства, якая вывучае гісторыю напісання літаратурнага твора з мэтай вызначэння канчатковага, так званага кананічнага, тэкста, вызваленага ад розных памылак і скажэнняў, дзеля яго выдання. Кананічным лічыцца тэкст аўтарскага белавога рукапісу, а калі яго няма - тэкст апошняй прыжыццёвай публікацыі твора.
Тэксталогія займаецца таксама праблемамі датавання (вызначэнне дакладных дат напісання і публікацыі твораў), атрыбуцыі (устанаўленне аўтарства ананімных ці псеўданімных твораў), каментавання (стварэнне каментарыя — больш ці менш пашыранага даведачнага апарата).
Асобныя тэарэтычныя і практычныя праблемы беларускай тэксталогіі абагульнены ў працах М. Мушынскага «Ад задумы да здзяйснення» (1965), Р. Гульман «Тэксталогія твораў Янкі Купалы» (1971), у зборніку «Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры» (1980) і інш.
Пошукі аўтараў ананімных паэм XIX стагоддзя увасоблены ў кнігах Г. Кісялёва «Загадка беларускай «Энеіды» (1971) і «Пошукі імя» (1978).
Расшыфраваць многія псеўданімы і крыптанімы беларускіх пісьменнікаў дапамагае «Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст.» Я. Саламевіча (1983).
Тэксталогія пры неабходнасці абапіраецца ня бібліяграфію, крыніцазнаўства, палеаграфію і іншыя навукі.