Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:танічнае-вершаванне

Гэта старая версія дакумента!


Танічнае вершаванне

Танічнае вершаванне (ад гр. tonos - націск) — сістэма вершавання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. У той час, калі колькасць такіх націскаў у радках танічным вершаваннем адна і тая ж (ці прыблізна адна і тая ж), колькасць ненаціскных складоў паміж імі - самая розная.
Літаратурнае танічнае вершаванне склалася ў XIX - пачатку ХХ стст. на аснове народнага вершавання, танічнага па сваёй прыродзе. Прычым, адразу вызначылася некалькі відаў яго: акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны. У кожным з іх маецца тое асноўнае, што вызначае танічнае вершаванне увогуле - чаргаванне пэўнай колькасці моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым, кожны з іх валодае сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж моцнымі націскамі.
Так, у акцэнтна-складовым вершы, апрача аднолькавай колькасці акцэнтаў, аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках ("Смык" Францішка Багушэвіча, «Спакойнай ночы!» Максіма Танка і інш.).
Тры іншыя віды танічнага вершавання адрозніваюцца паміж сабой колькасцю міжнаціскных інтэрвалаў: у дольніку - 1-2 склады пры спарадычных пропусках апорных (моцных) націскаў («Права на верш» М. Лужаніна), у тактавіку - 0-1-2 ці (часцей) 1-2-3 («Да зямлі прадзедаў маіх» Янкі Купалы), у акцэнтным вершы - ад 0 да 8 складоў (верш Маякоўскага).
Танічны літаратурны і народны верш пры іх вялікім падабенстве (і там і тут - роўная колькасць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзнік пад уплывам другога, — усё ж значна розняцца паміж сабой. І галоўнае адрозненне - у функцыі моцных, або апорных, націскаў. Калі ў народным вершаванні націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя, нават дапаможныя словы, то ў літаратурным танічным вершаванні ён абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсу слова. Калі ў першым выпадку ён уроўніваў усе словы (гэтаму дапамагала і мелодыя, музычнае суправаджэнне слоўнага тэксту), то цяпер ён, наадварот, падкрэслівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэнні.
Націскам у танічным вершаванні дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзяляюць адзін ад аднаго інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі.
Першыя ўзоры літаратурнага танічнага вершавання - гэта пераважна стылізацыя «пад народнае» (творы А. Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А. Пушкіна, «Песня пра купца Калашнікава» М. Лермантава і інш.). Тарас Шаўчэнка на аснове ўкраінскага народнага верша стварыў свой так званы каламыйкавы верш. Танічннае вершаванне атрымала ў яго творчасці аднолькавую колькасць складоў у радках (8+6). Шаўчэнкаўскі каламыйкавы верш аказаў моцны ўплыў ня асобных украінскіх, рускіх і беларускіх паэтаў (П. Тычына, А. Малышка, М. Святлоў, Э. Багрыцкі, Янка Купала).
Вялікую ролю ў развіцці танічнага вершавання адыграла наватарская паэзія У. Маякоўскага, якая паўплывала ня ўсю еўрапейскую вершатворчасць, у тым ліку беларускую. Танічнае вершаванне выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Янка Купала («Тарасова доля», "Бандароўна"), Максім Багдановіч ("Страцім-лебедзь"), Міхась Чарот («Босыя на вогнішчы»), а таксама Пімен Панчанка, Максім Танк. К. Кірэенка, Рыгор Барадулін і інш.

Падобныя старонкі

  • квантытатыўнае-вершаванне
  • квалітатыўнае-вершаванне
  • вершаванне-вершаскладанне
  • антычнае-метрычнае-вершаванне
  • акцэнтны-чыста-танічны-верш
слоўнік/танічнае-вершаванне.1755963641.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:40 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki