Рытмічная проза
Рытмічная проза - творы, напісаныя метрычна ўпарадкаванай мовай, у якой выразна адчуваецца чаргаванне двухскладовых або трохскладовых стопаў.
Мова рытмічнай прозы вельмі блізкая да вершаванай мовы, але, у адрозненне ад апошняй, не падзелена інтанацыйна (а на пісьме - яшчэ і графічна) на супастаўляльныя паралельныя рады.
Да рытмічнай прозы часам звяртаюцца празаікі (успаміны А. Белага «Пачатак веку», апавяданне В. Аксёнава «Вопыт летняга сну»). Здараецца, карыстаецца ёй і паэзія. Так, вядомыя паэтычныя творы Максіма Горкага «Песня пра Сокала» і «Песня пра Буравесніка» напісаны рытмічнай прозай.
Максім Багдановіч, вялікі наватар у галіне мастацкай формы, ужыў рытмічную прозу ў двух яе разнавіднасцях - двухскладовай («…Пэўна, любіце вы, пане») і трохскладовай («…Як толькі закрыю я вочы»).
Рытмічнай прозай зрэдку пішуць і некаторыя сучасныя беларускія паэты. У прыватнасці, спалучэннем рытмічнай прозы (трохскладовы метр) з вершаванай мовай (чатырохстопны харэй) напісаны твор У. Някляева «Сад на скрыжаванні».