Метанімія

Метанімія (ад гр. metonymia - перайменаванне) - від тропа., сутнасць якога - у перанясенне назвы адных з'яў ці прадметаў на другія на аснове іх знешняй або ўнутранай сувязі. Прычым, у адрозненне ад метафары, падобнасць з'яў ці прадметаў у метаніміі не мае значэння. Метанімічны выраз завастрае ўвагу на пэўнай, характэрнай рысе з'явы, дазваляе паказаць яе яскрава і па-свойму.
Так, у вершы Рыгора Барадуліна «Арганаўты» сказана: «У полі сеялася заўтра». Маецца на ўвазе сяўба жыта. Аднак з жытам звязана жыццё, будучае (заўтрашняе) існаванне чалавека на зямлі. Менавіта гэта і падкрэслівае паэт надзвычай выразнай і лаканічнай метаніміяй. У метаніміі часам уласная назва мясцовасці ўжываецца ў значэнні насельніцтва, якое там жыве («Мінск едзе па грыбы» — Пімен Панчанка), уласнае імя змяняе рэч ці прадмет, з ім звязаны («Пакой я помню: На сцяне - Тарас,// Чые мы песні ведалі з калыскі»— А. Зарыцкі), уласцівасці ці дзеянні аднаго прадмета пераносяцца на другі прадмет, непасрэдна з ім звязаны ("Перш душылі паны,%%//%% Што шляхтай зваліся, %%//%% Цяпер "сукіны сыны"%%//%% За нас узяліся"Адам Гурыновіч).
Відам метаніміі з'яўляюцца сінекдаха, у якой адны паняцці замяняюцца другімі на аснове іх колькасных суадносін. Найбольш частыя выпадкі сінекдахі - ужыванне часткі з'явы ці прадмета ў значэнні цэлага («Тут кажух і шынель, і бурнос, лапсярдак…» — Францішак Багушэвіч) або цэлага замест часткі («Ён зменлівы, наш час,// Такі гарачы// Не слухае драздоў,// Не ходзіць па расе» — Пімен Панчанка).
На асаблівасцях метаніміі засноўваецца перыфраза, у якой назва з'яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прыкмет («Не пад мысль песня будзе каму-небудзь з нас — // Канапляную возьмеш зарплату — Янка Купала). Перыфраза з'яўляецца своеасаблівай паэтычнай загадкай, «ключ» да якой ляжыць тут жа, у паэтычным кантэксце.
Своеасаблівай разнавіднасцю перыфразы з'яўляецца антанамазія (або антанамасія) - замена імя вядомай асобы назвай прадмета ці з'явы, што з ёй непасрэдна звязаны (аўтар «Новай зямлі» - замест Якуб Колас, пясняр Нарачы - замест Максім Танк і г. д.). Антанамазіяй называюць таксама і ўжыванне ўласных імёнаў замест агульных разуменняў («Свет, у якім мы жывём — // Не наш. // Яго даўно закаханыя параздавалі// Сваім Дульцынеям, Джульетам» — Максім Танк).
Часам у літаратурнай мове непрыемнае ці непрыстойнае слова (словазлучэнне) замяняецца больш прыгожым ці далікатным. У дадзеным выпадку мы маем справу з эўфемізмам.
У той час як метафара часцей ужываецца ў паэзіі, метанімія - у прозе.