Мемуарная літаратура
Мемуарная літаратура (франц. memoires, ад лац. memoria -памяць, успаміны) — жанр дакументальна-мастацкай літаратуры, у аснове якога - успаміны аўтара пра падзеі, удзельнікам ці сведкам якіх быў ён або героі ягоных твораў.
У адрозненне ад уласна мастацкай, у мемуарнай літаратуры. пісьменнік не можа змяняць рэальны ланцуг жыццёвых падзей, дадумваць ці па-іншаму падаваць асобныя факты. Асоба яго відаць у адборы фактаў, іх ацэнцы.
Да мемуарнай літаратуры ў шырокім сэнсе адносяцца летапісы, дзённікі, аўтабіяграфіі пісьменнікаў, некаторыя гісторыка-дакументальныя нарысы, нататкі, у вузкім — уласна ўспаміны пра найбольш істотнае, характэрнае для пэўнага перыяду грамадскага ці асабістага жыцця пісьменніка.
Жанравымі разнавіднасцямі мемуарнай літаратуры з'яўляюцца мемуары-хронікі («Былое и думы» А. Герцэна, «Люди, годы, жизнь» І. Эрэнбурга), мемуары-нарысы («Аповесць пра сябра» Івана Шамякіна), мемуары-партрэты (літаратурныя партрэты М. Горкага, «Воспоминания» І. Буніна), мемуары- дзённікі («Лісткі календара» Максіма Танка).
Беларуская мемуарная літаратура ўзнікла яшчэ ў канцы XVI — першай палавіне ХVII стст. Першы значны беларускі мемуарыст — Ф. Еўлашоўскі (1546-1616), аўтар арыгінальных мемуарных запісаў, якія пазней атрымалі назву «Дзённік». Яго справу прадоўжыў сваім «Дыярыушам» (1646) Афанасій Філіповіч (1597-1648). У шматлікіх творах мемуарнай літаратуры (пераважна на польскай, пазней — на рускай мовах) адлюстраваліся найважнейшыя падзеі беларускай гісторыі ХVІІ-ХІХ стст. У ХІХ ст. з'яўляецца мемуарная літаратура на беларускай мове («Мемуары» Альгерда Абуховіча). Асобныя (у тым ліку трагічныя) падзеі XX ст. адлюстраваліся ў мемуарах Францішка Аляхновіча («У капцюрох ГПУ»), П. Мядзёлкі («Сцежкамі жыцця»), Ларысы Геніюш («Споведзь»), Б. Мікуліча («Аповесць для сябе»), нататках Янкі Брыля і інш. Выйшлі спецыяльныя зборнікі ўспамінаў пра буйнейшых беларускіх пісьменнікаў (Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Івана Мележа і інш.). Многія літаратары выдаюць асабістыя кнігі ўспамінаў («Вачыма часу» М. Лужаніна, «Свая аповесць» Янкі Скрыгана, «Вяртанне ў маладосць» Станіслава Шушкевіча і інш.).