Замова
Замова - старажытны жанр народнай паэзіі; славесная формула, якой надавалася магічнае значэнне.
Замовай імкнуліся паўплываць на розныя стыхійныя сілы прыроды, узаемаадносіны ў грамадстве. Замовы як жанр валодаюць вялікай сілай вобразнай зкспрэсіі, у іх мноства паўтораў, у тым ліку гукавых (рыфма), асобных рытарычных фігур, яны нярэдка звяртаюцца да вершаванай мовы («На сінім моры, на беражочку,// на жоўтым пясочку// стаіць дуб зялёны,// да зямлі нахілёны. // А з таго дуба як узняліся// шуры ды буры,// ветры кавуры…» - з «Замовы на стрэльбу»).
Некаторыя асаблівасці паэтыкі народных замоў выкарыстоўваюцца падчас у сучаснай лірычнай паэзіі («Замова» С. Панізніка). Ніл Гілевіч паклаў пачатак замове як асобаму жанру пісьмовай сатырычнай паэзіі (цыкл «Сучасныя замовы-загаворы» у кнізе паэта «Да новых венікаў', 1963).
У вершах, напісаных у форме замовы, востра высмейваюцца заганныя звычкі ў людзей, асобныя з'явы грамадскага парадку (замовы Ніла Гілевіча, «Замова ад прагнасці» Васіля Віткі і інш.).
Вось, для прыкладу, верш Ніла Гілевіча «Замова ад тупасці, каб не страціць пасаду»:
Цябе, Божа, заву,
І прашу, і малю:
Укладзі ў галаву
Мне глуздоў хоць крышку —
Хоць адзін шуфель,
Хоць адну лапату,
Хоць адзін чарпак,
Хоць адну лыжку!
Бо ў мяне іх мала,
І мне цяжка стала
На такой пасадзе,
На такім акладзе.
Ужо трыццаць гадоў
Крэсла я займаю,
А ў чаропцы глуздоў
Грам пятнаццаць маю.
Ды і тыя, можа,
Зацвілі, заплеснелі…
Памажы ж мне, божа,
Дацягнуць да пенсіі!
Амін!