Дыдактычная літаратура
Дыдактычная літаратура (ад гр. didacticos — павучальны) — літаратурныя творы розных відаў і жанраў, у якіх як асноўныя выступаюць дыдактычныя (навучальныя) і выхаваўчыя мэты. Адрасуецца найперш дзецям і юнацтву, уваходзіць у чытанкі («Першае чытанне для дзяцей беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа і іншыя).
Да дыдактычнай літаратуры адносяцца некаторыя вершы, байкі, прытчы, апавяданні, аповесці, творы гістарычнай і навукова-фантастычнай літаратуры, дзе прысутнічае выразная ўстаноўка на навучальнасць, паведамленне нейкіх новых навуковых звестак. Да такіх твораў можна аднесці аповесці Уладзіміра Дубоўкі «Жоўтая акацыя» і «Ганна Алелька», паэму Васіля Віткі «Азбука Васі Вясёлкіна», нарыс Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», многія кнігі Віталя Вольскага («На бабровых азёрах», «Падарожжа па краіне беларусаў», «Месяц за месяцам») і інш. Яскравым прыкладам дыдактычнай літаратуры можа служыць таксама верш-дыялог Янкі Купалы «Сын і маці», якім народны паэт у першыя гады беларускай дзяржаўнасці імкнуўся выхаваць у дзяцей нацыянальную свядомасць.
Своеадметную частку дыдактычнай літаратуры складае так званая навуковая паэзія, аб'ектам якой з'яўляюцца навуковыя адкрыцці, тэорыі, гіпотэзы..