Выдавецтва
Выдавецтва - установа, якая займаецца падрыхтоўкай да друку асобных і перыядычных выданняў.
У выдавецтве працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, што праводзяць, у прыватнасці, рэдагаванне прапанаваных да друку матэрыялаў (літаратурная і граматычная праўка рукапісаў, падрыхтоўка іх да здачы ў набор) і карэктуру (вычытка рукапісных і наборных тэкстаў, выпраўленне памылак).
Першыя беларускія нацыянальныя выдавецтвы ўзніклі пасля рэвалюцыі 1905-1907 гг. — «Загляне сонца і ў наша ваконца» (Пецярбург, 1906-1914), В. А. Грыневіча (Пецярбург, 1910-1914), выдавецтва газеты «Наша ніва» (Вільня, 1906-1915), «Мінчук» (1906-1907), «Лучынка» (Мінск, 1914) і інш. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсе выдавецтвы сталі дзяржаўнай уласнасцю. У 1921 г. створана Дзяржаўнае выдавецтва БССР, якое на доўгія гады манапалізавала выданне беларускай мастацкай і літаратуразнаўчай кнігі.
Сёння на Беларусі працуе шмат выдавецтваў, каля 10 буйных дзяржаўных і некалькі соцень прыватных і кааператыўных. Беларускую арыгінальную і перакладную літаратуру і літаратурную крытыку выпускае выдавецтва «Мастацкая літаратура» (з 1972). Кнігі па літаратуразнаўству, падручнікі па мове і літаратуры, а зрэдку і мастацкія кнігі выдаюць «Народная асвета», «Вышэйшая школа», «Беларуская навука», «Беларуская энцыклапедыя», некаторыя прыватныя выдавецтвы.