Гэта старая версія дакумента!
Біяграфістыка
Біяграфістыка - дапаможная галіна літаратуразнаўства, галоўная задача якой - стварэнне як мага больш поўных, навукова дакладных і грунтоўных біяграфій буйнейшых прадстаўнікоў нацыянальнай літаратуры. Найбольш распаўсюджаны жанр біяграфістыкі - крытыка-біяграфічны нарыс.
Першую спробу напісаць навуковую біяграфію Янкі Купалы зрабіў Я. Шарахоўскі — «Пясняр народных дум». Мастацка-дакументальныя біяграфічныя творы спалучаюць дакладнасць дакумента з мастацкім вымыслам, з жывасцю, а падчас і займальнасцю аўтарскага апавядання. Сярод іх - дакументальныя аповесці С. Александровіча пра Якуба Коласа «Ад роднае зямлі…», «На шырокі прастор» І «Крыжавыя дарогі», раман-эсэ А. Лойкі пра Янку Купалу «Як агонь, як вада» і інш. Асабліва каштоўныя для біяграфістыкі пісьменніцкія аўтабіяграфіі. Асобныя аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў увайшлі ў кнігі «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1965) і «Вытокі песні» (1973); укладанне і падрыхтоўка тэкстаў усіх трох кніг - Я. Казекі. Арыгінальную аўтабіяграфічную мастацка-дакументальную «Аповесць пра сябе» стварыў Б. Мікуліч.
Своеасаблівым жанрам біяграфістыкі з'яўляецца летапіс жыцця і творчасці пісьменніка, які звычайна ў якасці дадатку ўключаецца ў ягоны збор твораў, а зрэдку выходзіць і асобным выданнем. Найбольш грунтоўны з іх - укладзены М. Мушынскім «Летапіс жыцця і творчасці Якуба Коласа» (1982). Для біяграфістыкі вялікае значэнне маюць розныя крыніцазнаўчыя матэрыялы, даведнікі, накшталт «Слоўніка беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў ХVI-ХХ ст. ст.» Я. Саламевіча (1983).