Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:аўтарская-глухата

Аўтарская глухата

Аўтарская глухата - не заўважаныя аўтарам стылёвыя або сэнсавыя недакладнасці ў тым ці іншым творы мастацкай літаратуры. Такія памылкі могуць узнікнуць не толькі ў выніку абыякавасці пісьменніка да сэнсу і гучання слова, а выпадкова - у працэсе захопленай, натхнёнай працы, калі развага адступае перад напалам паэтычных эмоцый. Менавіта таму вопытныя пісьменнікі і не здаюць твор адразу ў друк, а даюць яму магчымасць «вылежацца», каб потым нібы збоку глянуць на яго, ацаніць вартасці і выявіць магчымыя недахопы.

Найбольш частае праяўленне аўтарскай глухаты - няправільнае ўжыванне слова. Такія памылкі сустракаюцца ў ранніх вершах У. Скарынкіна. «Зашмат на зямлі беларускай калыскі // Асілкаў, як ён, узрасцілі» («Каваль») - тут, безумоўна, патрэбна слова «шмат». Вось што кажа лірычны герой паэта сваёй каханай перад растаннем, яўна зніжаючы лірычны малюнак: «Ты не кажы прыгожых слоў, // Не сакачы замнога»(«Перад адлётам»). У іншым вершы аўтар прызнаецца ў любві да Радзімы, сцвярджаючы, што любіць яе «І зімою - звонкагалосую, // І вясною - проставалосую»(?!) («Радзіме»). Часам у паэзіі здараюцца памылкі сэнсавага характару. Так, напрыклад, у А. Сербантовіча «Галілея манахі паляць на кастры» («Галілей»). На самай жа справе, Галілей на вогнішчы святой інквізіцыі не гарэў, бо пад пагрозай смерці ён адмовіўся ад сваіх поглядаў, а спалены быў Джардана Бруна. Лірычны герой П. Марціновіча «круглы год грыбніцы сніў' (»…Як у эфір, выходжу ў бор«). Відаць, сніў ён не грыбніцы, а грыбы, грыбныя нерушы, бо грыбніца (грыбная плесень) - не толькі з'ява не надта эстэтычная, але і настолькі схаваная ў зямлю, што яе нельга бачыць, ідучы па лесе.

З аўтарскай глухатой можна і патрэбна змагацца як самім пісьменнікам, так і літаратурнай крытыцы.

слоўнік/аўтарская-глухата.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki