Афарызм
Афарызм (гр. aphorismos - выказванне) - выслоўе, у якім у трапнай, лаканічнай форме выказана значная і арыгінальная думка. Найбольш удалыя афарызмы становяцца агульнавядомымі і могуць перайсці ў фальклор, зрабіцца прыказкамі. Крыніцай афарызмаў з'яўляюцца творы навуковыя, публіцыстычныя («Рэвалюцыі - лакаматывы гісторыі», «Рэлігія - опіум народу /Карл Маркс/; «Лепш менш, ды лепш», «Вучыцца., вучыцца і вучыцца» /У. Ленін/), але найбольш часта - мастацкія, у тым ліку паэтычныя.
Вось некалькі афарызмаў з твораў беларускіх пісьменнікаў: «Дум не скуеш ланцугамі» (Янка Купала), «Хваробы лечаць і атрутамі» (Максім Багдановіч), «Кожны чалавек - гэта цэлы свет», «Дзе прайшло маленства., там пачынаецца Радзіма (Кузьма Чорны), «Лес не сякуць языкамі» (Кандрат Крапіва), «Неспакой не лечыць адзінота, адзіноту лечыць неспакой», «Зямля - не процілегласць акіяна, яна - яго каменная пасцель» (Аркадзь Куляшоў).
Да афарызмаў блізкія крылатыя словы, якія вобразна вызначаюць нейкую жыццёвую з'яву, даюць ёй эмацыянальна-экспрэсіўную ацэнку. Аднак калі афарызм - гэта цэлае меркаванне пра што-небудзь, крылатае слова - толькі частка меркавання: «Будзем сеяць, беларусы» (Пятрусь Броўка), «Плячысты на жывот» (Кандрат Крапіва) і г. д. Афарызмы выступаюць часам і як самастойны літаратурны жанр. Сярод аўтараў, што працуюць у гэтым жанры, вядомыя П. Шыбут, Марцін Коўзкі і інш.
Лепшыя афарызмы беларускіх пісьменнікаў сабраны ў кнігах Ф. Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы»(1960) і А. Леванюк «Час, жыццё, людзі… Беларускі літаратурны афарызм» (2001).