Антытэза (ад гр. antithesis - супрацьпастаўленне) - стылістычны прыём. заснаваны на супрацьпастаўленні процілеглых з'яў, прадметаў, характараў, пачуццяў, ідэй, вобразаў і г. д. Ужываецца вельмі часта ў народнай творчасці, мастацкай літаратуры, публіцыстыцы. Можа быць у аснове невялікага верша («Асадзі назад» Якуба Коласа, "Ружа і штык" Васіля Віткі, «…Парушыўшы зямное прыцягненне» Аркадзя Куляшова) і вялікага мастацкага твора, выяўляючыся нават у назве яго (эпапея «Вайна і мір» Льва Талстога, раман «Свае і чужынцы» Івана Чыгрынава, аповесці "Гандлярка і паэт", «Агонь і снег» Івана Шамякіна). Асабліва часта антытэза сустракаецца ў паэзіі. У прыватнасці, яна дапамагла Францішку Багушэвічу выявіць рэзкія сацыяльныя кантрасты рэчаіснасці (верш "Бог не роўна дзеле"):
Чым то дзеіцца на свеце,
Што не роўна дзеле бог?
Адзін ходзе у саеце,
У золаце з плеч да ног,
А другому каб прыкрыцца
Хоць анучай - велькі труд;
Весь, як рэшата, свіціцца,
Адны латы. адзін бруд!
На антытэзе, у прыватнасці, заснаваны верш Янкі Купалы «Паэта і цэнзар». Антытэза ляжыць у аснове ўсяго верша Эдуарда Акуліна «…Нашу я ў сэрцы двух анёлаў»:
Нашу я ў сэрцы двух анёлаў:
анёла цемры і святла.
Адзін чароўны мае голас.
Другі гырчыць, як ваўкалак.
Адзін кахае да знямогі…
Другі — нянавісцю гарыць.
Адзін заве ў сябрыну Бога.
Другі — Люцыпару служыць.
Адзін ахоўвае ад звадак
і чорных дум у галаве.
Другі — прывабіць хоча здрадай,
душу маю на часткі рве.
Нашу я ў сэрцы двух анёлаў…
Якому з іх перамагчы?
Дрыжыць пялёстак свечкі квола
на донцы восеньскай начы.