Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


аналіз-і-крытыка:творчы-шлях-янкі-лучыны

Гэта старая версія дакумента!


Творчы шлях Янкі Лучыны

Нядоўгім, але творча насычаным было жыццё Янкі Лучыны.
Пісаць ён пачаў рана, яшчэ ў дзевяцігадовым узросце, у час навучання ў прыватным пансіёне. Першы верш, «Не дзеля славы…», напісаны па-руску, носіць дэкларатыўны характар. Аўтар гаворыць, што ўсё жыццё ён будзе служыць «стране глухой, забитой, где мрак невежества царит, в лачуге где, соломой крытой, мужик печально дни влачит.» Аб паэтычных і эстэтычных прыярытэтах Я. Лучыны можна меркаваць па яго перакладах з польскай мовы, у прыватнасці, па перакладзе верша Ул. Сыракомлі «Не я пяю – народ божы...».
Пісьменнік адкрыта заяўляе, што сваёй творчасцю ён выказвае спрадвечныя мары і спадзяванні народа, што яго творчасць – гэта голас цёмнага і прыгнечанага народа:

З ім я зліўся з добрай волі,
Чы то ў долі, чы ў нядолі,
Чы гдзе гора абзавецца,
Як асіна, грудзь трасецца.

Творчасць Янкі Лучыны на трох мовах выконвала ролю своеасаблівай пасярэдніцы ў польска-рускім літаратурным дыялогу, адлюстроўвала розныя аспекты беларускай рэчаіснасці канца 19-га ст. Калі ў польска- і рускамоўных вершах паэт застаецца традыцыяналістам, то ў сваёй беларускамоўнай творчасці ён з’яўляецца наватарам. Адметнасць беларускіх вершаў Я. Лучыны ў тым, што яны ўяўляюць сабою вынік удалага перапляцення рэалістычнага і рамантычнага пачаткаў. І гэта невыпадкова, бо напрыканцы 19-га ст. ў рускай літаратуры была моцнай рэалістычная, а ў польскай – рамантычная плыні. У беларускай жа літаратуры Я. Лучына заслужана лічыцца пачынальнікам філасофскай лірыкі.
Беларускія вершы Я. Лучыны выйшлі асобным зборнікам («Вязанка», 1903) ужо пасля яго смерці. Тэматыка творчасці пісьменніка не вызначаецца асаблівай шырынёй: гэта пераважна жыццё беларускай вёскі. Галоўным героем звычайна з’яўляецца просты селянін – найбольш варты, на думку аўтара, прадстаўнік роднай зямлі і носьбіт высокіх маральных якасцей. З асаблівай любоўю і лірызмам піша пра яго паэт у вершы «Што думае Янка, везучы дровы ў горад». Аўтар па-мастацку тонка і выверана перадае трывожны ўнутраны стан героя, яго перажыванні за свой лёс і крыўду на жыццё, у якім «усюды песні і гулянкі», адзін толькі ён вымушаны ехаць прадаваць дровы ў горад, каб купіць трохі жыта.
Рамантызм Янкі Лучыны, спалучаны з рэалістычным адлюстраваннем жыцця, надае значную адметнасць, у параўнанні з польскамоўнай спадчынай, такім яго беларускім вершам, як «Сівер»,«Вясна» і «Роднай старонцы». Жыццё сялян параўноўваецца ў гэтых творах з лютай зімой, якая ніяк не хоча саступаць месца вясне. Так, звяртаючыся да сіверу, галоўны герой верша ўсклікае:

Хоць бы раз без цябе зарунець бы палям,
Хоць бы раз у свой час адышла бы зіма!
Ўстрапянуўся бы дух ў чалавечай грудзі,
Дый забылі бы мы мора смутку дый слёз…

Такім чынам, перамены да лепшага звязваюцца з надыходам вясны, якая асацыіруецца са светлай зарой, пасля ўзыходу якое селяніна спаткае шчаслівая доля. Паэт непахісна верыць у надыход такога часу. Аб гэтым сведчыць і яго прасякнуты аптымізмам верш «Роднай старонцы»:

І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй – доляй шчасліваю.

Я. Лучына не прызнаваў капіталістычных адносін у грамадстве, але верыў, тым не менш, у тэхнічны прагрэс, народжаны капіталізмам. Не прымаў паэт таксама і спажывецкіх настрояў у адносінах да прыроды. Таму цалкам заканамерным было з’яўленне польскамоўнай паэмы Я. Лучыны «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся». Галоўны герой паэмы, Грышка, «дзіця прыроды вольнага Палесся» жыве ў гармоніі з прыродай і людзьмі, таму ён балюча ўспрымае ідэю аб пракладцы чыгункі праз запаветныя лясы. Паэма, у якой паказаны жыццё і побыт лесніковай сям’і, з’явілася своеасаблівым прадвесцем «Новай зямлі» Я. Коласа.
Я. Лучына не толькі паэт, але і аўтар двух нарысаў, драматычнага абразка і шматлікіх перакладаў твораў Ул. Сыракомлі, М. Някрасава, Г. Гейне, Гамера. Яго творчасць адыграла значную ролю ў паглыбленні лірызму нацыянальнай паэзіі, яе гуманістычнага пафасу і аптымістычнага погляду ў будучыню.

Падобныя старонкі

  • янка-лучына/творчасць-янкі-лучыны
  • янка-лучына/янка-лучына-роднай-старонцы
  • янка-лучына/янка-лучына-вясна
  • янка-лучына/янка-лучына-дзень-за-днём
  • янка-лучына/янка-лучына-што-думае-янка-везучы-дровы-
аналіз-і-крытыка/творчы-шлях-янкі-лучыны.1755861250.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:14 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki