Паэма Вікенція Равінскага "Энеіда Навыварат"
Доўгі час паэма «Энеіда навыварат» лічылася ананімнай. Шматгадовыя спрэчкі наконт яе аўтарства літаратуразнаўцы (услед за Г. Кісялёвым) вырашаюць на карысць Вікенція Равінскага, удзельніка войнаў з французамі 1805-1807 і 1812 гг. Паэма, упершыню надрукаваная ў рускім часопісе «Маяк» у 1845 г., з’яўляецца перайманнем, наследаваннем старажытнарымскай паэме Вергілія (70 – 19 гг. да н. э.). Такія ж пародыі ўзніклі (праўда, крыху пазней) і ў іншых славянскіх літаратурах («Энеіда» ўкраінскага пісьменніка І. П. Катлярэўскага, «Вергилиева Энеида, вывороченная наизнанку» рускага паэта М. Осіпава). Усе яны высмейвалі нарматыўную эстэтыку класіцызму з яе адарванасцю ад народнага жыцця, высокім стылем, узвышанымі і гераічнымі вобразамі.
Вергілій у сваёй паэме расказвае пра гераічныя подзвігі Энея, унука траянскага цара, які за доўгія 7 гадоў дасягае Італіі і становіцца там царом. Персанажамі беларускай «Энеіды навыварат», як і «Энеіды» Вергілія, з’яўляюцца старажытнагрэчаскія і старажытнарымскія багі і героі. Узаемаадносіны паміж антычнымі багамі і траянцамі нагадваюць узаемаадносіны паміж панамі і прыгоннымі сялянамі.
Уладнай, вяльможнай паняй у паэме з’яўляецца Юнона – багіня неба, сямейнага дабрабыту, ахоўніца шлюбу. Яна паказана як «баба злая, адроддзя панскага, ліхая». З адкрытай нянавісцю адносіцца яна да траянцаў і ўсіх простых людзей, бесчалавечна абыходзіцца з прыгоннымі. Помслівай і жорсткай намалявана ў «Энеідзе навыварат» Дыдона – багіня Месяца, заснавальніца Карфагена. Дзесяцкага яна «прыбіла» за тое, што той «распраўшчыны не знае і без пашпортаў усіх пускае». Бог вятроў Эол паказаны распусным падпанкам, жорсткім войтам, што зганяе на паншчыну людзей. Багіня прыгажосці Венера – засцянковая шляхцянка-модніца. Вобраз вярхоўнага бога, цара і бацькі багоў і людзей Зеўса намаляваны з гумарам, гратэскам. Калі да яго прыходзіць з паклонам Венера, Зеўс
…сядзеў у клеці,
Гарэлку з мёдам там сцябаў,
Без сораму, як малы дзеці,
З падоння пальцам калупаў.
Багі падоўгу сядзяць на печы, спяць на палацях.
Аўтар, адмоўна адносячыся да багоў, з прыхільнасцю і сімпатыяй ставіцца да траянцаў. У паэме яны параўноўваюцца з валачобнікамі. Гэта простыя рамеснікі і прыгонныя сяляне. Сярод іх – працавітыя, кемлівыя, вынаходлівыя, сумленныя Піліп (ганчар), Пракоп (цясляр), Саўка (земляроб і знахар). Аўтар паказвае іх працу, звычаі, абрады і вераванні.
Галоўным героем «Энеіды навыварат» з’яўляецца Эней. Ён хоць і пан, але з павагай адносіцца да людзей. У Рыме Эней намерваецца заснаваць сваё царства, у якім «паны не будуць так багаты», дзе будуць новыя парадкі.
Паэма «Энеіда навыварат» праўдзіва (праўда, у парадыйнай форме) адлюстроўвае жыццё беларускага народа. У ёй упершыню створаны рэалістычныя вобразы сялян і прыгоннікаў, адкрыта крытыкуецца дваранска-арыстакратычная літаратура класіцызму. Створаная на народнай аснове, паэма сведчыць аб цеснай сувязі беларускай літаратуры ХІХ ст. як з вуснай народнай творчасцю і народнай паэзіяй, так і з літаратурамі, што дасягнулі высокага ўзроўню развіцця.