Паэзія Ніла Гілевіча
Пакуль паэты будуць пець –
Не быць радзіме безыменнай,
Зямлі бацькоў – не анямець.
Н. Гілевіч
У творчай спадчыне народнага паэта Беларусі, вядомага перакладчыка, вучонага-фалькларыста, крытыка, публіцыста, грамадскага дзеяча Ніла Гілевіча нямала зборнікаў («Неспакой», «Бальшак», «Перазовы», «Актавы», «У добрай згодзе», «Повязь», «Жыта, сосны і валуны», «На высокім алтары»), асноўным зместам якіх з’яўляецца лёс беларускай мовы і культуры, духоўная спадчына народа, памяць мінулай вайны. У вершах пра маці пульсуе ўсведамленне свайго сыноўскага абавязку перад самым дарагім чалавекам, нейкай унутранай віны і адначасова пакаяння. У вершах пра сучасную вёску паэт сцвярджае, што спрадвеку вёска была і застаецца захавальніцай маральнай і моўнай чысціні народа. Паэт уздымае голас супраць бездухоўнасці і абыякавага стаўлення да нацыянальнай культуры, выступае за маральную чысціню сучаснікаў. Публіцыстычнасцю, бескампраміснасцю, прамоўніцкай інтанацыяй і ў той жа час унутранай засяроджанасцю, медытатыўнасцю характарызуюцца вершы «Трывайма, браты», «Мэта», «Здарэнне», «Што я думаў…», «Як доўга?». У вершы «І ўсё-такі дойдзем!..» паэт з упэўненасцю сцвярджае, што беларусы, нягледзячы на нейкае пракляцце, змогуць пазбавіцца пачуцця сваёй другараднасці, прыслухацца адзін да другога, аб’яднацца і дайсці да беларускасці – чалавечнасці і людскасці:
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі!
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
І ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..
Праблемы нацыянальнага адраджэння Н. Гілевіч звязвае з роднай мовай, і шматлікія пытанні яе развіцця ніколі не здымаліся з парадку дня паэта. У кнізе «Любоў прасветлая: Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове» паэт працягвае дыялог з чытачом аб мове і яе ролі ў жыцці чалавека, грамадства (вершы «Родная мова», «Роднае слова», «Мова майго народа», «Мара Скарыны», «Спадчына»). Падкрэсліваючы гуманістычную сутнасць вучэння Ф. Скарыны, паэт імкнецца далучыць сваіх суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры:
Марыў калісьці славуты Скарына
«Ціснучы» кнігі на мове бацькоў:
Простаму люду ў роднай краіне
Зробіць даступнай ён мудрасць вякоў.
Адной з галоўных тэм у творчасці Н. Гілевіча з’яўляецца тэма роднага краю, бацькоўскай зямлі. Верш «Край мой беларускі, край», напісаны ў форме звароту да роднага краю. вызначаецца асаблівай пранікнёнасцю, чуласцю, шчырасцю – усім тым, што выверана і вынашана паэтам. Лірычны герой хоча прыгарнуцца да ляснога долу, напіцца вады гаючай з крыніцы, прайсці па бясконцых шляхах і прасторах, наглядзецца на лугі і рэчкі, каб узяць усё гэта з сабой у вечнасць.
У вершы «Ах, якая над Гайнай купальская ноч» паэт не столькі знаёміць чытача з чароўным светам святочных абрадаў, колькі заклікае да аднаўлення забытых традыцый. Заклік у абарону родных бароў і пушчаў, пратэст супраць бездухоўнасці ў адносінах да прыродных багаццяў гучыць у вершах «Даруйце, родныя бары і пушчы», «Сіняя пушча».
Памяць вайны, якая не адпускае паэта ўсё жыццё, з’яўляецца тэмай паэмы «Гарыць, гарыць мая Лагойшчына», шматлікіх вершаў («Ты кажаш, я не ведаю вайны», «Сто вузлоў памяці»). Паэт вітае мір, не хоча паўтарэння жудасных ваенных гадоў:
Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне,
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.
Адрасатам многіх вершаў паэта з’яўляецца моладзь. У вершы «Парада маладым чытачам» Н. Гілевіч пераканаўча і проста сцвярджае мудрыя жыццёвыя ісціны: трэба чытаць казкі, бо «навукі мудрай – край там непачаты!». З кожнай казачнай фабулы маладыя чытачы павінны зразумець няхітрую жыццёвую праўду, выказаную паэтам у яскравых параўнальных зваротах: «чаму лісе не трэба верыць здохлай, як гэта дзед адзін зрабіў калісьці»(не трэба давяраць хітраму чалавеку), «чаму ваўку не трэба камізэлька з двума радамі гузікаў на бруху» (не адзенне ўпрыгожвае чалавека, а прыгожыя ўчынкі), «чаму царэвіч там, дзе ўпала стрэлка, узяў за жонку брыдкую рапуху» (дабрыня і спагада вышэй за знешнюю прыгажосць), «чаму быў вымушаны памірыцца Музыка з яшчаркай, як гора ўспала» (да сяброў трэба звяртацца не толькі ў час бяды), «чаму, пабыўшы ўжо царом з царыцай, дзед зноў стаў дзедам, баба – бабай стала» (прагнасць, сквапнасць не даводзяць да дабра).
Паэзія Ніла Гілевіча вабіць чытача не толькі сваёй мастацкай дасканаласцю і прыгажосцю гучання, але і вастрынёй тых праблем, якія ўздымае паэт у сваіх творах. Спавядальнасць, шчырасць, тонкі лірызм і метафарычнасць складаюць адметнасць творчай манеры Н. Гілевіча. Аўтар не абмінае сваёй увагай «нязручныя» праблемы, паслядоўна і доказна вядзе з чытачом гаворку аб складанасцях сучаснага жыцця. Наогул, паэзію Ніла Гілевіча можна было б акрэсліць як філасофскую лірыку грамадзянскага гучання.