Агульначалавечыя матывы ў творчасці Максіма Танка

Паэзія Максіма Танка, народнага паэта Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі, сагрэта дабрынёй і даверам да чалавека. Яна выхоўвае ў чытачоў душэўную прыгажосць, высокую інтэлектуальнасць, заклікае да філасофскіх роздумаў аб жыцці, аб чалавецтве. На працягу ўсёй сваёй творчасці паэт імкнецца знайсці адказы на пытанні чалавечага быцця: што такое жыццё і смерць, любоў і нянавісць, ісціна, вера сумленне, дабро, шчасце? У чым сэнс чалавечага жыцця? І, безумоўна, адказы на гэтыя пытанні самыя розныя.
Адказам на пытанне, што такое чалавечае шчасце, можа служыць верш-мініяцюра М. Танка «Шчасце». Голас паэта гучыць разважліва, прасветлена, суладна вечнасці і сусвету і ў вершы «Я спытаў чалавека...» Ён дае адказ на пытанне аб тым, што з’яўляецца на гэтым свеце самым цяжкім. У некалькіх радках скандэнсаваны вопыт і думкі цэлых пакаленняў.
У цэнтры ўвагі М. Танка заўсёды знаходзіцца чалавек.
Агульначалавечыя адносіны да маці, жанчыны выяўляюцца ў вершах «Рукі маці», «Мыццё бабкі Улляны», «Голас». Гімнам працавітым матчыным рукам, якія ніколі не ведалі адпачынку, можна назваць верш «Рукі маці»:

Іх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
І каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Іх цалавала.

Маці з’яўляецца для паэта ўвасабленнем чалавечай дабрыні, высакароднасці, сціпласці, увасабленнем вечнасці. Рукі маці – гэта і дакор, бо яны – сведкі нялёгкіх часоў, на іх – сляды, «што навекі пакінуў шлях наш суровы». Ад цяжкай, непасільнай працы на іх з’явіліся чорныя глыбокія шрамы і маршчыны. І яны, гэтыя святыя рукі, стваралі людскую радасць і шчасце, неслі людзям святло і цяпло:
Колькі яны запалілі світанняў,
Зораў над намі.
Пасівераным, парэпаным рукам бабулі, маці прысвечаны шчымлівыя радкі верша «Мыццё бабкі Улляны». Памерла жанчына. Перад апошняю дарогай нябожчыцу пачалі абмываць і «ніяк яе адмыць рук не маглі ад скіб зямлі, ад каласоў і сонца, ад пялёнак і ануч, ад чорных і распаленых гаршкоў з бацвіннем, з бульбай…» Гледзячы на гэтыя рукі, усе загаласілі, «бо як рукамі гэткімі ды ў дзверы раю грукаць!»
Верш «Голас» прадаўжае тэму бязмежнай любові маці да дзяцей:

Голас незнаёмага можа здзівіць,
Голас друга – на хвіліну спыніць,
Голас любай – сагрэць сонцам лета,
Голас маці – вярнуць з таго свету.

Матчын голас, на думку паэта, можа нават вярнуць з таго свету. Вядома, гэта метафара. Але калі дзіця ў небяспецы, маці зробіць усё магчымае, каб яго выратаваць. Яе голас можа прымусіць жыць і змагацца, калі губляецца сэнс жыцця і душа пачынае стыць.
У творчасці М. Танка нямала цудоўных песень аб Бацькаўшчыне і гераічным беларускім народзе. Паэта хвалююць агульначалавечыя пытанні аб гістарычным мінулым і сённяшнім дні Беларусі, яе прыродзе, роднай мове, аб мастацтве, прызначэнні паэта і паэзіі. У вершах «Паэзія» і «Трактат аб паэзіі» аўтар лічыць, што паэзія можа вызваліць з «няволі і пекла», можа прабіць кветкай вясновай «камень магільны». Паэзія параўноўваецца з бліскавіцай, з вясновай кветкай, з сокам вінаграду. Для творчага ж чалавека паэзія – гэта «кроў, што пульсуе па жылах», «сонца, якое прасторы святлом азарыла, і без чаго, як без маці або без радзімы, ні нараджацца, ні жыць на зямлі немагчыма».
М. Танк, адчуваючы адказнасць за ўсё, што адбываецца ў краіне, выступае супраць духоўнага мяшчанства, прыстасавальніцтва, кар’ерызму. Трывога за сённяшні дзень гучыць у паэтычнай малітве «З даўніх запаведзяў»:

Ратуй, Божа, ад вар’яцтва,
Нематы і засляплення,
Ад пярэваратняў, злыдняў,
Ханжаскіх богаслужэнняў,
Пошасці,

вайны,

бясхлеб’я,

Нашых дум апусташэння.

У творчасці М. Танка, такім чынам, няцяжка адшукаць адказы на ўсе пытанні чалавечага жыцця. Тое, што хвалявала людзей на працягу тысячагоддзяў, хвалюе паэта і ў канцы ХХ стагоддзя. Творы яго, сагрэтыя вялікім чалавечым пачуццём, сцвярджаюць духоўныя каштоўнасці жыцця, дапамагаюць жыць у наш неспакойны і трывожны час.

Падобныя старонкі