~~META: title = Уладзімір Юрэвіч — Бярозчыны валёнкі &keywords = валёнкі, Святланка, тата, снег, бярозка, дзяўчынка, дрэўца, ножкі &abstract = Чытаць апавяданне Уладзіміра Юрэвіча "Бярозчыны валёнкі" &iftrue = True ~~ ====== Уладзімір Юрэвіч — Бярозчыны валёнкі ====== Насупраць дома, дзе жыве Святланка, за лета вырасла высокая камяніца. Перад ёй на скверыку саджалі ўвосень дрэўцы. Адну бярозку, самую тонкую, адкінулі.\\ – А гэтая не трэба вам? – спытала Святланка.\\ – Бяры яе сабе, калі хочаш, – сказаў вясёлы дзядзька, які са шланга паліваў дрэвы.\\ Святланка прынесла бярозку ў свой двор. Тата якраз быў дома. Дзяўчынка папрасіла яго пасадзіць дрэўца.\\ Тата доўга трымаў тую бярозку, перабіраў пальцамі карэньчыкі і нешта думаў. Потым выкапаў ямку. Святланка прынесла з клумбы чарназёму, пасадзілі дрэўца, палілі.\\ – Можа і прымецца, – сказаў тата. З кожным днём станавілася ўсё халадней і халадней.\\ – А бярозка ўзімку не змерзне? Яна ж голенькая, – трывожылася Святланка.\\ – Чаму голенькая? – не пагаджаўся тата. – На ёй кара. Ёй цёпла.\\ – Можа апрануць яе на зіму? Ухутаць? – не сунімалася дзяўчынка. – На галінкі рукавічкі панадзяваць, а на ножкі – валёнкі?\\ – А дзе ж у бярозкі ножкі? – усміхнуўся тата. – Яе ножкі – карэнне.\\ – Зямля ж халодная.\\ – Гэта для нас з табой халодная, а для бярозкі цёплая. Вось выпадзе снег, укрые, як коўдрай, зямлю, і карэньчыкам стане яшчэ цяплей, а пакуль трэба паліваць бярозку, каб лепш расла.\\ Святланка палівала бярозку і чакала, калі выпадзе снег. Лісточкі даўно апалі. Бярозка выглядала як сірацінка побач з высокімі каштанамі і таполямі. Пра іх Святланка і не думала. Яны ж вялікія, моцныя. А бярозка тоненькая-тоненькая.\\ Прачнулася аднойчы Святланка, а на дварэ бела.\\ – Тата! – закрычала дзяўчынка. – Зіма прыйшла! Глянь, колькі снегу.\\ – Вось цяпер можна і валёнкі для бярозкі зрабіць, – сказаў тата.\\ Ён узяў шырокую рыдлёўку і пачаў падкідаць снег да бярозкі. I Святланка памагала сваім маленькім шуфлікам.\\ Неўзабаве бярозка і сапраўды стаяла як бы ў вялікіх снегавых валёнках. На яе чорных галінках таксама быў пушысты снег. Дакранешся – ён сыплецца, іскрыцца, зіхаціць.\\ Кожны раз, калі выпадаў снег, Святланка брала свой шуфлік і падграбала снег да дрэўца. Бярозчыны валёнкі станавіліся ўсё большыя і цяплейшыя.\\ А ўвесну, калі прыгрэла сонейка, бярозка ўбралася ў зялёнае лісце. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>у-купалаўскім-парку]] * [[творы/ядвігін-ш/ядвігін-ш-бярозка-гдз]] * [[ibdc.ped>з-гісторыі-бярозкі]] * [[ibdc.ped>бярозка-3971]] * [[творы/іншае/уладзімір-юрэвіч-пацалунак-асы]]