~~META: title = Уладзімір Бутрамееў — Страсці па Аўдзею &keywords = Бутрамееў, страсці, Аўдзей &abstract = Чытаць кароткі змест п'есы Уладзіміра Бутрамеева "Страсці па Аўдзею" &iftrue = nan ~~ ====== Уладзімір Бутрамееў — Страсці па Аўдзею ====== [[books/butrameeu_strasci.pdf|Чытаць п'есу Уладзіміра Бутрамеева "Страсці па Аўдзею"]] Аўдзей і яго сям'я становяцца ахвярамі генацыду, які прынесла на Беларусь сталінская калектывізацыя. Таму фінал п'есы гучыць мінорна, драматычна. У лёсе Аўдзея, па сутнасці, увасоблена трагічная доля нашай вёскі і сялянства ў 30-я гг. Малады драматург стварыў яркі, тыповы характар беларуса-працаўніка, на плячах якога трымаецца сялянскі мацярык, спрадвечны, традыцыйны ўклад жыцця. Па сваёй псіхалогіі, маральных асновах характару Аўдзей блізкі да Міхала з [[творы/якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя|«Новай зямлі»]] [[постаці/якуб-колас|Якуба Коласа]], чорнаўскіх Леапольда Гушкі з «[[творы/кузьма-чорны/кузьма-чорны-бацькаўшчына|Бацькаўшчыны]]» і Міхала з «[[творы/кузьма-чорны/кузьма-чорны-трэцяе-пакаленне|Трэцяга пакалення]]», сялян з «[[творы/кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-мядзведзічы|Мядзведзічаў]]» [[постаці/кандрат-крапіва|Кандрата Крапівы]] і «[[творы/іван-мележ/палеская-хроніка-аналіз-трылогіі|Палескай хронікі]]» [[постаці/іван-мележ|Iвана Мележа]].\\ Радаслоўная ў героя Уладзіміра Бутрамеева, як бачым, даўняя і багатая, бо беларуская літаратура заўсёды імкнулася бачыць у селяніне, яго працы і маралі заруку жыццёвага прагрэсу. Аўдзей менавіта філосаф ад зямлі, працы, вопыту дзядоў і прашчураў. Ён ведае: не пашкадуй поту свайго — і зямля аддзячыць за гэтую ахвярнасць і клопат. Аўдзей бачыць у працы крыніцу дабрабыту сваёй сям'і, кажа, што селянін тады селянін, калі не ведае стомы, а не калі п'е, гуляе, бадзяецца непрыкаяным: «А ў мяне свой розум! Прагуляць лёгка, нажыць цяжка! Хто гняздо ўе, у таго і ўецца, хто працуе, той і мае!» Драматург дакладна раскрывае адметнасць натуры селяніна-гаспадара, які не прымае жабрацкай філасофіі, лічыць, што чалавек на зямлі не для таго, каб хадзіць з працягнутай рукой. «Не хлебам адзіным...» — даводзіць Жабрак, але ў Аўдзея свая праўда, свая філасофія: «Чалавеку шмат трэба!» Працуе ён, не шкадуючы сябе, дбае, каб на зямлі і сям'я яго бачыла сутнасць жыцця. Таму не дзіўна, што ў хаце Аўдзея жыве культ працы, шануецца бацька як галава роду, такія святыні, як зямля, хата, сям'я... Аўдзееў сын Андрэй і яго каханая Верка таксама мараць звіць сваё гняздо, спадзяюцца на сваю рупнасць і дбайнасць. Але здарылася непапраўнае: на вёску прыйшоў час рассяляньвання, знішчэння таго, чым жыло і ў што верыла сялянства дзесяцігоддзі і вякі. Аўдзей не жадае пагадзіцца, што зямля будзе дзяліцца па едаках, а не па працаўніках, што трэба аддаць святое, крэўнае, набытае ўласным мазалём. Ды яго псіхіка, здаровая ў сваёй сутнасці, не можа прыняць новыя калектыўныя сілы гаспадарання, а дакладней — руйнавання.\\ Заключная сцэна яскрава агаляе балючую і суровую праўду часу. Сімвалічна-трагедыйна гучыць, як заўважыла крытыка, матыў раскіданага гнязда, які знайшоў сваё драматычнае выяўленне яшчэ ў «[[творы/янка-купала/янка-купала-раскіданае-гняздо-вельмі-сці|Раскіданым гняздзе]]» [[постаці/янка-купала|Янкі Купалы]]. Раздаюцца стрэлы — і гіне адвечная мудрая ўпарадкаванасць свету, нішчацца вытокі, асновы асноў самабытнага сялянскага і нацыянальнага быцця. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>яраслаў-мудры]] * [[творы/іншае/уладзімір-бутрамееў-славутая-дачка-полац]] * [[ibdc.ped>якуб-колас]] * [[ibdc.ped>рагвалод-і-рагнеда]] * [[творы/іншае/уладзімір-бутрамееў-чужыя-грошы]]