Гэта старая версія дакумента!
Сучасная беларуская драматургія — ГДЗ
1. 80-я гады XX стагоддзя ў беларускай драматургіі адзначаліся глыбокім крызісам, які быў абумоўлены застойнымі працэсамі ў грамадскім і культурным жыцці.
«Летаргічны сон» грамадства, ціск партыйнай цэнзуры, адсутнасць свабоднага друку скоўвалі творчае мысленне аўтараў. Акрамя таго, тэатры Беларусі ў асноўным былі арыентаваны на рускую і замежную класіку. У выніку гэтага, як адзначаў драматург Алесь Петрашкевіч, беларуская драматургія аказалася адарванай ад тэатра, не знаходзіла шырокага чытача і гледача.
2. У сучаснай беларускай драматургіі можна вылучыць наступныя асноўныя тэмы:
— маральна-этычная тэматыка (творы аб жыцці ў самых розных яго праяўленнях: аб бацьках і дзецях, жыцці вёскі, узаемаадносінах людзей, дэградацыі грамадства з прычыны распаўсюджвання ў ім заганных з'яў — п'янства, злачыннасці, адступлення ад маральных традыцый продкаў, кар'ерызму, бюракратызму і інш.);
— ваенная тэма (творы, якія асэнсоўваюць падзеі вайны з новых пазіцый);
— гістарычная тэма (асэнсаванне гістарычнага мінулага — больш далёкага і блізкага);
— публіцыстычная тэма (асэнсаванне найбольш балючых праблем сучаснага грамадства).
Разглядаюць сучасныя драматургі і раней забароненыя тэмы трагічнага лёсу беларускай вёскі і сялянства, тэму «раскіданага гнязда», страшных рэпрэсій уласнага народа ў 30-я гады, тэму экалагічную і інш.
3. Маладыя беларускія драматургі імкнуцца пашырыць і абнавіць тэматыку і праблематыку сваіх твораў. Многія іх дасягненні звязаны з жанрам камедыі, які набывае новыя адметнасці. Традыцыі «прапускаць жыццё праз прызму смешнага», гаварыць пра сур'ёзнае мовай сатыры і гумару, «перамагаць зло смехам» перанялі ад Кандрата Крапівы і Андрэя Макаёнка сучасныя драматургі А. Дзялендзік, Георгій Марчук, М. Арахоўскі, У. Сауліч, М. Казачонак, Андрэй Федарэнка, М. Адамчык, С. Кавалёў і інш. Асэнсаванне шматграннай і складанай сучаснасці з дапамогай гратэску, спалучэння камічнага з трагічным, гіпербалізацыі жыццёвых сітуацый і з'яў адбываецца ў камедыях Уладзіміра Сауліча «Сабака з залатым зубам», «Халімон камандуе парадам», Андрэя Федарэнкі "Жаніх па перапісцы". У трагіфарсе Уладзіміра Сауліча "Сабака з залатым зубам" такія чалавечыя заганы, як чэрствасць, эгаізм, карыслівасць, набываюць непамерныя маштабы. За недарэчнымі, фарсавымі сітуацыямі камедыі ўгадваюцца негатыўныя праявы сучаснага нам жыцця.
Асвойваюць маладыя драматургі і гістарычную тэму, асэнсоўваюць далёкае і блізкае мінулае Беларусі; вядуць актыўны пошук іншых шляхоў мастацкага адлюётравання рэчаіснасці, звяртаючыся да вопыту сусветнай драматургіі і тэатра.
Гістарычная тэма ў беларускай драматургіі цесна звязана з ідэяй нацыянальнага адраджэння. Найбольш выразна гэта ідэя выявілася ў творчасці Уладзіміра Караткевіча ("Званы Віцебска", "Маці Урагану", "Кастусь Каліноўскі", "Калыска чатырох чараўніц"). Да гістарычнай драмы звярнуліся не толькі пісьменнікі-драматургі Алесь Петрашкевіч ("Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны"), Аляксей Дудараў ("Князь Вітаўт", "Чорная панна Нясвіжа"), Г. Марчук («Кракаўскі студэнт»), I. Масліяніцына («Крыж Ефрасінні Полацкай»), але і тыя, хто ўжо сцвердзіў сябе ў паэзіі ці прозе (Iван Чыгрынаў, Вольга Іпатава, А. Асташонак, Раіса Баравікова, М. Арочка, Вячаслаў Адамчык), у творах якіх знайшлі адлюстраванне вобразы княгіні Рагнеды (Іван Чыгрынаў "Звон - не малітва", Алесь Петрашкевіч "Русь Кіеўская"), Францыска Скарыны (М. Арочка «Судны дзень для Скарыны», Максім Клімковіч і Міраслаў Адамчык "Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія", А. Курэйчык «Скарына»), Барбары Радзівіл (Раіса Баравікова "Барбара Радзівіл") і інш.
5. Сучасная беларуская драматургія вядзе творчы пошук у плане тэматыкі, праблематыкі твораў, пашырэння жанравай разнастайнасці іх, іншых шляхоў мастацкага адлюстравання рэчаіснасці. Новая беларуская драматургія вызначаецца павышанай увагай аўтараў да мастацкай формы, спрабуе адшукаць сінтэтычнае спалучэнне элементаў рэалістычнай і мадэрнісцкай паэтыкі, імкнецца спалучыць канкрэтны рэалістычны план існавання сучаснага чалавека з ірацыянальным, падсвядомым, са светам ілюзій.
6. У другой палове 80-х — 90-х гадах сярод вядучых жанраў беларускай драматургіі (камедыі, драмы) з'явіліся новыя іх формы: трагіфарс, камедыя-лубок, трагікамедыя (іх ствараюць У. Сауліч — трагіфарс «Сабака з залатым зубам», Г. Марчук — камедыя-лубок «Вясёлыя, бедныя, багатыя», трагікамедыя «Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі» і інш.). На сцэнах тэатраў з'яўляюцца гістарычныя драмы Аляксея Дударава «Князь Вітаўт» і «Чорная панна Нясвіжа», гісторыка-біяграфічная А. Курэйчыка «Скарына». Шукаюць драматургі і нацыянальны варыянт драмы абсурду: («Султан Брунея» А. Дзялендзіка, «Галава» I. Сідарука, «Драматургічныя тэксты» А. Асташонка, "АС-лінія" Галіны Багданавай) і інш.
7. Драма абсурду — тып сучаснай драмы, якая характарызуецца эстэтыкай бяссэнсіцы, перапляценнем рэальнага і выдуманага, явы і сну, ірацыянальным пачаткам, парадаксальнасцю. Стваральнікі драмы абсурду адмаўляюцца ад традыцыйных элементаў драмы: дзеяння, дыялога, інтрыгі, канфлікту, характару. Чалавек у драме абсурду вызначаецца ўчынкамі, пазбаўленымі сэнсу, а рэальнасць прадстаўляецца як хаос.
Да абсурдысцкай плыні ў драматургіі адносяцца драмы "Ку-ку" Міколы Арахоўскага, «Султан Брунея» А. Дзялендзіка, «Галава» I. Сідарука, «Драматургічныя тэксты» А. Асташонка, «АС-лінія» Галіны Багданавай.
Падобныя старонкі
- беларуская-драматургія-80-90-х-гг-агульн