~~META: title = Францішак Рысінскі &keywords = Францішак, Рысінскі &abstract = Біяграфія і творчасць Францішка Рысінскага &iftrue = nan ~~ ====== Францішак Рысінскі ====== (1749-1830?) \\ У 1843 г. на Віцебшчыне пабываў [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/рамуальд-падбярэскі|Рамуальд Падбярэскі]], які занатаваў свае ўражанні ад творчасці папулярнага мясцовага паэта. Вось што ён сказаў: «Францішак Рысінскі, аўтар мноства напісаных з нагоды і лёткіх вершыкаў, лёгкіх, вясёлых, дасціпных, у якіх звяртае ўвагу і міжвольна прымушае задумацца філасофская, часам знянацку кінутая думка, заснаваная на глыбокім веданні свету і людзей, выяўляе і рэдкі талент, і розум, падтрыманы навукай і роздумам». З напісанага тады артыкула Падбярэскага «Беларусь і Ян Баршчэўскі» відаць, што Рысінскі быў мясцовым памешчыкам і чыноўнікам, служыў старшынёй губернскай палаты цывільнага суда ў Віцебску. Падбярэскі дапускаў, што паэт паходзіў з Украіны. Хутчэй за ўсё, са старадаўняга беларускага роду, прозвішча якога паходзіць ад вёскі Рысін былой Віцебскай губерні (цяпер Себежскі раён Пскоўскай вобласці; адсюль і вядомы паэт-лацініст, збіральнік прыказак XVI-XVII стст. Саламон Рысінскі). Публікуючы некаторыя вершы Францішка Рысінскага ў другім томе «Рочніка літэрацкего» (1844), Падбярэскі адзначыў, што аўтар памёр дзясятак з лішнім гадоў назад, таму за ўмоўную дату яго смерці можна прыняць 1830 г. (або каля 1830 г.). Вось у асноўным і ўсё, што было вядома пра жыццё Францішка Рысінскага.\\ Шмат ведаў пра Рысінскага яго зямляк [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/аляксандр-рыпінскі|Аляксандр Рыпінскі]], напісаў нават яго біяграфію для сваёй гісторыі беларускай літаратуры, але да нас яна, на вялікі жаль, не дайшла. Новых біяграфічных звестак не паведамляецца і ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», дзе пра Рысінскага ёсць невялікі артыкул У. Мархеля. У другім выпуску гісторыка-літаратурнага зборніка «Шляхам гадоў» (1990) У. Мархель надрукаваў пераклад даволі тыповага для Рысінскага верша «Роздум пасля страты закладзенага маёнтка» і дадаў ва ўступнай нататцы пра яго аўтара: «Не рабілася ніякай спробы адказаць на пытанне, чаму ў пачатку XIX стагоддзя надзвычайную папулярнасць на Віцебшчыне мелі іранічна-філасофскія творы Францішка Рысінскага (канец XVIII ст. не пазней 1830 г.), старшыні цывільнага суда ў Віцебску, які пісаў на польскай, беларускай і, можа, на рускай мовах...». Словам, і па біяграфіі, і па творчасці Рысінскага шмат пытанняў.\\ Таму нам падаліся вартымі ўвагі кароткія звесткі, прыведзеныя ў справе канцылярыі Полацкага намесніцтва 1783 г. аб службе мясцовых чыноўнікаў. Згадваецца там і Рысінскі. Аказваецца, яму было тады 34 гады. Выходзіць, нарадзіўся ён у 1749 г. Такім чынам, перад намі равеснік Гётэ, чалавек, які сфарміраваўся і пражыў значную частку жыцця яшчэ ў XVIII ст. Калі ўсходняя Беларусь была далучана да Расіі, ён увайшоў ужо ў пару маладосці. У 1778 г. утварылася Полацкае намесніцтва, узнікла мноства новых устаноў, і Рысінскі атрымаў у Полацку месца засядацеля ад дваранства ў Другім дэпартаменце Верхняга земскага суда, потым быў выбраны дваранскім засядацелем у Полацкі совесны суд, з 1780 г. ён надворны саветнік (гэта немалы чын). Друкаваны агульнарасійскі «Месяцеслов» на 1796 г. паведамляе, што калежскі саветнік (новая прыступка ў кар’еры) Франц Пятровіч Рысінскі быў на той час старшынёй таго самага дэпартамента Верхняга земскага суда, у якім пачынаў некалі службу засядацелем.\\ Францішак Рысінскі пісаў пераважна на польскай мове, але ёсць падставы думаць, што ён не грэбаваў і беларускай музай. Вядома, што яго творчасцю цікавіўся ксёндз-місіянер і вялікі кнігалюб Антон Карніловіч (1805-1856). У свой час Адам Мальдзіс прывёў наступны цікавы для нас фрагмент з артыкула пра Карніловіча ў «Польскім біяграфічным слоўніку»: А. Карніловіч, гаворыцца ў артыкуле, «цікавіўся таксама беларускай паэзіяй, асабліва паэтам Францішкам Русінскім [!], вершы якога збіраў і меркаваў выдаць». Як бачым, Рысінскі, магчыма, праз памылку друку трансфармаваўся тут у Русінскага. Не выключана, што мы ўвогуле маем тут справу з крыху перайначанымі звесткамі, якія ідуць яшчэ ад Падбярэскага, але хто ведае, можа, рэдакцыя слоўніка мела і дадатковыя матэрыялы.\\ \\ Г. Кісялёў