~~META: title = Рамуальд Падбярэскі &keywords = Падбярэскі, Баршчэўскі &abstract = Кароткі агляд біяграфіі Рамуальда Падбярэскага &iftrue = nan ~~ ====== Рамуальд Падбярэскі ====== 1812-1856 \\ У літаратурна-грамадскім руху Беларусі 1840-х гадоў асабліва ярка вылучалася постаць Рамуальда Падбярэскага (Друцкага-Падбярэскага), выдаўца, крытыка, публіцыста, этнографа.\\ Родам Падбярэскі з Вільні, з сям’і збяднелага шляхціца. Скончыўшы ў 1830 г. гімназію, васемнаццацігадовы юнак запісаўся ў Віленскі ўніверсітэт, які, праўда, неўзабаве быў зачынены як гняздо «крамолы». У 1836 г. паступіў на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Заадно працаваў у так званым Літоўскім гандлёвым таварыстве ў Маскве. Ён зблізіўся з рускімі славянафіламі I. Кірэеўскім і Ю. Самарыным, пад уплывам якіх зацікавіўся рускім фальклорам, перакладаў і публікаваў рускія народныя казкі. Не прыжыўшыся ў Маскве, у 1841 г. пераехаў у Пецярбург. Там увайшоў у літаратурны гурток [[постаці/ян-баршчэўскі|Яна Баршчэўскага]]. Шмат дало Падбярэскаму ў яго нацыянальным абуджэнні знаёмства з вялікім украінскім кабзаром [[творы/тарас-шаўчэнка/жыццё-і-творцасць-тараса-шаўчэнкі|Тарасам Шаўчэнкам]], які жыў у гэты час у Пецярбургу і быў сваім у гуртку Яна Баршчэўскага. Падбярэскі заняўся і там выдавецкай дзейнасцю. Выпусціў тры тамы альманаха-штогодніка на польскай мове «Rocznik Literacki», дзе змяшчалася нямала матэрыялаў з Беларусі і пра Беларусь.\\ У 1847 г. вярнуўся ў родную Вільню, дзе сышоўся са славутымі пісьменнікамі краю [[постаці/уладзіслаў-сыракомля|Уладзіславам Сыракомлем]], [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/юзаф-ігнацы-крашэўскі|Юзафам Крашэўскім]], [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/эдвард-жалігоўскі|Эдвардам Жалігоўскім]] і інш. Супрацоўнічаў з прагрэсіўным кіеўскім выданнем на польскай мове «Gwiazda». З 1849 г. пачаў выдаваць у Вільні [[слоўнік/альманах|альманах]] «Pamiętnik Nawukowo-Literacki». У шасці яго нумарах друкаваліся самыя розныя матэрыялы з жыцця Беларусі і свету. У альманаху знайшлі сваё месца прагрэсіўныя ідэі, блізкія да «натуральнай школы рускіх дэмакратаў». Падбярэскі сімпатызаваў яе ідэолагу В. Р. Бялінскаму. Пры альманаху было арганізавана антыцарскае таварыства. У 1850 г. улады закрылі выданне. Хаваючыся ад рэпрэсій, Рамуальд Падбярэскі пераехаў у Варшаву. Але царскія жандармы знайшлі яго і там. Хутка ён быў арыштаваны і пасаджаны ў Варшаўскую крэпасць. У 1851 г. яго выслалі ў далёкі Архангельск, дзе ён і памёр.\\ З усёй творчай спадчыны Рамуальда Падбярэскага асаблівую цікавасць мае яго праграмны артыкул «Беларусь і Ян Баршчэўскі», дзе аўтар зрабіў цікавы агляд беларускай літаратуры свайго часу, пачаўшы з ранейшых пісьменнікаў. Важным момантам у гэтым артыкуле было тое, што аўтар асаблівую ўвагу звяртаў на беларускамоўную творчасць пісьменнікаў, надзяляючы іх тытулам «народных». Гэту тэндэнцыю заўважыў Мікола Хаўстовіч у аўтарэфераце сваёй дысертацыі: «“Каб быць народным, трэба служыць народу – трэба пісаць на мове гэтага народа”. Гэтыя словы крытыка можна лічыць краевугольным каменем новага беларускага літаратуразнаўства, новай беларускай літаратуры».\\ \\ К. Цвірка