~~META: title = Антон Эдвард Адынец &keywords = Антон, Адынец, Адам, Міцкевіч &abstract = Кароткія звесткі аб жыцці і літаратурнай спадчыне Антона Эдварда Адынца &iftrue = nan ~~ ====== Антон Эдвард Адынец ====== (1804-1885) \\ Той, хто трымаў у руках заключныя тамы збораў твораў [[постаці/адам-міцкевіч|Адама Міцкевіча]] розных выданняў, тамы, дзе звычайна даецца эпісталярная спадчына паэта, не мог не заўважыць сярод шматлікіх яго адрасатаў імя Антона Эдварда Адынца, якое там вельмі часта сустракаецца. Гэта быў адзін з блізкіх сяброў Адама Міцкевіча і адначасова блізкі яму па духу.\\ Нарадзіўся ён 25 студзеня 1804 г. у вёсцы Гяйстуны Ашмянскага павета ў шляхецкай сям’і. Вучыўся ў павятовай базыльянскай школе ў Барунах. У 1820 г. Антон Адынец паступіў у Віленскі ўніверсітэт, каб вучыцца на юрыста. Адначасова наведваў лекцыі па літаратуры Готфрыда Эрнста Гродэка і Леана Бароўскага. Даведаўшыся пра ўтварэнне ва ўніверсітэце тайнага Таварыства [[слоўнік/філарэты|філарэтаў]], адразу запісаўся ў яго, стаў членам яго літаратурнага аддзела (Блакітнага саюза), якім кіраваў прызнаны сярод [[слоўнік/філаматы|філаматаў]] і філарэтаў паэт [[постаці/ян-чачот|Ян Чачот]]. Убачыўшы яркія паэтычныя здольнасці Адынца, Чачот узяў яго над сваю апеку. За гэта сябры празвалі Чачота Ментарам, а Адынца — Тэлемакам (паводле грэчаскай міфалогіі Ментар быў выхавальнікам Тэлемака, сына Адысея і Пенелопы). У 1823 г., калі было выкрыта Таварыства філарэтаў, Антона Адынца арыштавалі і кінулі ў турму, адкуль яго з сябрамі выпусцілі толькі ў канцы следства.\\ Вельмі даражыў А. Адынец сяброўствам з Адамам Міцкевічам. Калі высланы ў Расію старэйшы сябар намерыўся выехаць адтуль за мяжу, сваім спадарожнікам у паездцы па краінах Еўропы ён выбраў Антона Адынца. Сябры аб’ездзілі многія гарады і паселішчы Германіі, Італіі, Швейцарыі, іншых краін. Назаўсёды запомнілася абодвум гасцяванне ў I. В. Гётэ ў Веймары, пра што А. Адынец падрабязна расказаў потым ва ўспамінах. Між іншым, у шматлікіх размовах з двума славянскімі паэтамі вялікі нямецкі паэт вельмі зацікавіўся народнымі песнямі, матывы якіх выкарыстоўваў у сваёй творчасці Адам Міцкевіч. «Гётэ, — прыгадваў Адынец, — з жывой цікавасцю распытваў і слухаў тое, што Адам, а часткова і я, расказвалі яму аб разнастайнасці і адрозненнях у характары і тоне песень нашых правінцый». А як вядома, «правінцыі» Міцкевіча і Адынца — Наваградчына і Ашмяншчына. Значыць, якраз беларускія народныя песні зацікавілі Гётэ, які за абедзенным сталом пачутае пра гэтыя песні «амаль слова ў слова» пераказваў потым іншым, напрыклад, свайму сакратару нямецкаму пісьменніку Экерману.\\ У 1837 г. Антон Адынец вярнуўся ў свае Гяйстуны, а потым пераехаў у Вільню, дзе амаль дваццаць гадоў — з 1840 па 1859 г. — рэдагаваў урадавую газету на польскай і рускай мовах «Виленский вестник». Сямейныя абставіны прымусілі Адынца пераехаць у 1866 г. у Варшаву, услед за дачкой, якая выйшла замуж. Як сведчылі сучаснікі, А. Адынец быў добрага нораву, таварыскі, добразычлівы, вельмі дасціпны і «даступны». За тое, што надта любіў цалаваць дамам рукі, яго празвалі «панам Смактальскім». Памёр Антон Адынец у Варшаве, дзе і пахаваны.\\ Сваю паэтычную дарогу пачаў ён даволі рана, яшчэ ў Барунскай школе. Але толькі ва ўніверсітэце, дзе сама атмасфера святасці да ўсяго ўзвышанага, само вірлівае студэнцкае асяроддзе спрыялі захапленню паэзіяй, Антон Адынец па-сур’ёзнаму ўзяўся за пяро. Сапраўдную папулярнасць прынесла яму «Песня філарэтаў», напісаная ў турэмным зняволенні ў 1823 г.\\ Найбольш каштоўным творам у спадчыне А. Адынца крытыка прызнала напісаныя ў 1875-1878 гг. «Пісьмы з падарожжа», даволі падрабязныя, з важнымі дэталямі і фактамі ўспаміны пра падарожжа ў 1829-1830 гг. з Адамам Міцкевічам па Еўропе. Вельмі добра дапаўняе «Пісьмы...» і кніга «Успаміны з мінулага», якая была напісана Адынцом на схіле жыцця і ў якой шмат цікавага, пазнавальнага пра мінулае нашай зямлі.\\ Да канца жыцця не кідаў пісаць Антоні Адынец і вершы. Найбольш удалыя з іх тыя, дзе аўтар звяртаўся да жыццёвых рэалій, да [[слоўнік/фальклор|фальклору]], пераважна беларускага. На фальклорных матывах заснавана, напрыклад, яго балада «Паланянка ліцвіна», пра захопленую «літоўскім» ваяром маладую палячку ў час аднаго з баявых паходаў на польскія землі. Дарэчы, гэты распаўсюджаны ў той час сюжэт выкарыстаў у баладзе «Ляшка» другі беларускі польскамоўны паэт [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/тадэвуш-лада-заблоцкі|Тадэвуш Лада-Заблоцкі]]. Выразныя фальклорныя матывы відаць і ў баладах А. Адынца «Сон Алесі», «Русалкі», у вершы «Хохлік» і іншых творах. Шмат у Антона Адынца і вершаў, напісаных у гонар вядомых літаратараў і вучоных («На шлюб Тамаша Зана», «Адаму Міцкевічу», «Адаму Сузіну», «Ігнату Ходзьку», «Надпіс на надмагільным помніку Яну Чачоту», «Яўстафію Тышкевічу», «Міхалу Балінскаму», «Уладзіславу Сыракомлю», «На камені ў Крашыне» — пра наведванне разам з [[творы/іншае/літаратары-хіх-стагоддзя/ігнат-дамейка|Ігнатам Дамейкам]] у час яго прыезду з Чылі ў 1884 г. Крашына, гаспадар якога Завадскі папрасіў іх абодвух пасадзіць у парку па дубку, і іншыя творы). Ёсць у А. Адынца і асобныя творы, напісаныя сумесна з [[творы/юльюш-славацкі/жыццёвы-шлях-і-творчасць-юльюша-славацка|Юльюшам Славацкім]] і Адамам Міцкевічам.\\ \\ Кастусь Цвірка