~~META: title = Альгерд Абуховіч &keywords = Абуховіч &abstract = Кароткія звесткі аб жыцці і літаратурнай творчасці Альгерда Абуховіча &iftrue = nan ~~ ====== Альгерд Абуховіч ====== (1840-1898)\\ \\ Беларускі паэт, мемуарыст, перакладчык Альгерд Абуховіч ([[слоўнік/псеўданім|псеўданімы]] Граф Бандынэлі, Olgerd gr.) паходзіў са шляхецкай сям’і, звязанай па жаночай лініі з італьянскім графскім родам Бандынэлі (адсюль і псеўданім). У 1852-1854 гг. вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, што паўплывала на фарміраванне яго светапогляду. Ужо пазней, у час падарожжаў па Еўропе, і асабліва тады, калі Абуховіч жыў у Жэневе, узмацнілася яго цікавасць да кальвінізму.\\ Адзін з пачынальнікаў жанру [[слоўнік/байка|байкі]] ў беларускай літаратуры; пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Перакладаў на беларускую мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх літаратур. Пры жыцці не меў магчымасці друкавацца, і да нас дайшла толькі невялікая частка яго літаратурнай спадчыны; вельмі адметны твор — мемуары Абуховіча (надрукаваны ў газеце «Гоман», 1916). Аўтар паэмы пра шведскага караля Карла XII («Дума аб Каралю XII»), сацыяльнай [[слоўнік/сатыра|сатыры]] на парэформенную Расію («Старшына»), пісаў пра праблемы свабоды чалавечай асобы («Ваўкалака»). Альгерд Абуховіч вёў дыскусію з [[постаці/францішак-багушэвіч|Францішкам Багушэвічам]] аб пурызме і дыялектнай аснове беларускай мовы («Мне перш за ўсё ідзе аб тое, ...каб словы карэнныя беларускія пры помачы нашай літаратуры атрымалі як нашырэйшае абывацельства. I дзеля гэтага я не сцясняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульнабеларускія... У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа»).\\ Альгерд Абуховіч удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гг., за што быў сасланы царскімі ўладамі ў Сібір. Пасля вяртання меў намер раздаць зямлю сялянам, але з-за нязгоды сям’і вымушаны быў пакінуць фамільны маёнтак; заняўся рэпетытарствам у Слуцку. Там вакол яго збіралася творчая моладзь, будучыя ўдзельнікі незалежніцкага і вызваленчага руху — Язэп Дыла, Пётр Карповіч і інш. Памёр у нястачы ў Слуцку, дзе і быў пахаваны.\\ \\ В. Маракоў