~~META: title = Канстанцін Вераніцын — Два д’яблы &keywords = д'ябал, д’ябал &abstract = Чытаць паэму "Два д’яблы" Канстанціна Вераніцына &iftrue = nan ~~ ====== Канстанцін Вераніцын — Два д’яблы ====== Гдзе бутэлечка зазвоніць,\\ Быц кадук1 у шыю гоніць.\\ //Беларуская песня// \\ Дрыб-дрыб, дрыб-дрыб чэшуць ножкі\\ Упрыскочку і трушком.\\ Смаліць д’ябал па дарожцы\\ Без папаскі, хоць пяшком. Сам мізэрны, рожкі круты,\\ Быц хранцузік-небарак,\\ Козлі ногі не абуты,\\ Капялюш на ім і храк. Бегшы шпарка, змардаваўся,\\ Ажна высунуў язык.\\ Што шаг — мордай спатыкаўся\\ (Знаць, к дарогам не прывык). А дарога была слізка,\\ Бяжыць д’ябал — рад не рад.\\ (Ведзь жа з Віцебска не блізка\\ Ў пекла збегаць і назад). Змардаваўшысь, пад ялінкі\\ Троха спыхацца прысеў,\\ Пусціў з морды гужам слінкі\\ I, як цюцька, засапеў. Вось глядзіць ён — аж з-пад леса\\ Нехта быццам бы ідзець.\\ Забрала цікавасць беса,\\ Скок на пень і стаў глядзець. Абшарпаны, абадраны,\\ Без рагоў і без хваста,\\ Ў юсе морда, ўсюды раны —\\ Бес кульгае з-за куста. «А, здароў, адкуль? як маеш?\\ Ай, авохці мне, сваяк,\\ Гэта ж ты зусім кульгаеш,\\ Хто цябе змяжджуліў так? Лупіў нехта, знаць, сярдзіты,\\ Калі йдзеш ты без хваста», —\\ Гаманіў так бес нябіты\\ Проці бітага чарта. Як завые тут калека,\\ Слёзы градам так і йдуць:\\ «Во, сваяк, дажыць мне веку\\ Злыя людзі не дадуць. Сатане было заўгодна\\ З пекла нас дваіх паслаць:\\ Цябе — ў Віцебск, мяне — ў Гродна\\ Душы п’яніц самушчаць. Думаў, будзе мне пажыва,\\ Загуляю ў Гродне я;\\ Гдзе акцыз2 ідзе шчасліва,\\ Ёсць пажыва там мая. Так думаў, ды абмыхнуўся,\\ Во адтуль які іду.\\ Ледзь-няледзь жывы вярнуўся,\\ Знаць, да пекла не дайду. Першы год было і што-та:\\ То апоіш, то разбой.\\ Досыць будзе тут работы,\\ Меркаваў я сам з сабой. Стаў я лазіць па ўсіх рандах3,\\ Як за чарку хто — я тут\\ Тыц к яму з бясоўскай радай:\\ Чуць паслухаў — і капут. То абкрадзе, то загубіць,\\ Іншы цэркву абкрадзець,\\ А хто й сам сябе пагубіць —\\ Люба-радасна глядзець! Раз прыйшоў я нешта ў ранду\\ (Страх успомніць — аж дрыжу!),\\ Мужыкоў сабралась банда,\\ Я ж пад печку і сяджу. За сталом сядзіць шынкарка,\\ Смутна нешта, слёзы лье.\\ Па руках не ходзіць чарка,\\ Ніхто песень не пяе. Што тут, думаю, за ліха?\\ Зусім п’яных не відаць,\\ I у рандзе стала ціха,\\ Паўлягліся слоўна спаць. Мо аб подачах гукаюць?\\ Ці у некруты4 бяруць?\\ Можа, піць за што не маюць,\\ А ў пазыку не даюць? Ну, ды гэта мне не вадзіць5,\\ Што галышыкі не п’юць.\\ Няма грошай — дык украдуць\\ Ці, аграбіўшы, заб’юць. Сам жа, вушы навастрыўшы,\\ Стаў я слухаць, што бубняць.\\ Віжу — ці то не падпіўшы?\\ Што гукаюць — не паняць. Паціхонечку з-за печы\\ Шмыкнуў я праміж людзей\\ Ды шынкарцы й сеў за плечы,\\ Штоб расслухаць пачутней. Хоць нам страшан хрэст і вера\\ (Гэта ведама з вякоў),\\ А страшней таго няўмеру,\\ Што я чуў ад мужыкоў. Адракліся, закляліся\\ Піць гарэлку мужыкі.\\ Як у іх не адняліся,\\ У шайтанаў, языкі! Каб мяне, за хвост паймаўшы,\\ Хто храстом перажагнаў,\\ Верна б, я так не спужаўся,\\ Як таго, что я узнаў. Шэрсць са страху стала дыбам,\\ У дугу мяне звяло,\\ Пакрывіла морду, губы\\ I мытухай6 праняло. Проста, брацітка, сшалелі —\\ Хоць адзін хто б зробіў грэх,\\ Чыста ранды апусцелі —\\ Чарку б выпіў хто на смех. Мала ж гэтага няшчасця —\\ Як праняў мяне тут страх,\\ Млосна стала мне з напасці —\\ Я на землю чубурах! Як прыцямілі ж тут гады,\\ Што зваліўся я на пол,\\ I нявесь як сталі рады —\\ Хваць хто цёрла, а хто кол. А адзін, штоб ён апохнуў,\\ Цуп такі за самы хвост.\\ Худа мне, я толькі вохнуў,\\ Як урэзаўся аб мост. Хто ганцінай, хто дубінай —\\ Знай што валюць ды пяруць.\\ Разламалі чыста спіну,\\ Ані вохнуць, ні дыхнуць. Як шалёны, я кідаўся,\\ Проста пару хоць пусці.\\ I ўжо с пеклам папрашчаўся,\\ Мусіць, мне туды не йсці. Добра йшчэ, што дагадаўся,\\ Зірнуў — блізка да дзвярэй.\\ Я рвануўся — хвост астаўся,\\ Сам наўцёкі паскарэй». «Худа ж, — кажа чорт з Віцебска, —\\ Жаль жа мне цябе, сваяк.\\ Відна, ў Гродне чарцям кепска,\\ Во у нас зусім не так. Гол народ наш, як свірэлка,\\ Падвяло яму жывот,\\ Зато дзёшава гарэлка\\ I выходзіць іншы шчот. Была й мне-та труднавата,\\ Як стаяла ў нас цана.\\ Па бутэльцы брала хата.\\ Што тут зробіць сатана? Вып’е чарачку, другую,\\ Трэцяй ў губу не бярэць.\\ А траплялась зачастую,\\ Што й зусім ніхто не п’ець. Раз у раз у цэркву ходзяць,\\ Гдзе казанне ім бубняць.\\ Ой, ксяндзы нам многа шкодзяць —\\ Косцю ў горле нам сядзяць. Мужык чысты — Богу верыць,\\ Яго лепей не чапай.\\ Во як стане чаркі мерыць,\\ Тады смела падступай. Раз у горад бег з сяла я\\ (Акурат на Новы год),\\ Во ў сяле мне жызнь плахая:\\ Зусім кіне піць народ. Толькі што падбег к рагатке7,\\ Чую гоман, галас, крык:\\ Пяюць п’яныя салдаткі\\ I, насцёбаўшысь, мужык. Гдзе ні ўзгляну — ўсюды п’яны.\\ Я к рагаткам — чорта з два! —\\ Да тла чыста пазламаны.\\ I каго-та там няма! Што за памжа8 тут такая?\\ Вочам веры не даю.\\ Завялось нешта чудное.\\ Рот разінуў і стаю. Вось ідуць удвох, абняўшысь,\\ З сабой нешта баруздзяць,\\ Ды ўжо так жа насцябаўшысь,\\ Толькі й можна разабраць: «Кварта стоіць цяпер злоты.\\ Во раздолле нам, Дзям’ян!\\ З панядзелка да суботы\\ Ад дзяшовай будзеш п’ян». Як пачуў я, у чым дзела,\\ З ума троху не сышоў,\\ Затраслося маё цела —\\ Аж прыплясываць пайшоў. Я у горад — сярод бруку\\ П'яных, быццам бы як дроў.\\ А ўжо ж гоману і гуку,\\ Зараўло быц сто кароў. Хто гарэлкі перш і ў губу\\ Адрадзясь яшчэ не браў —\\ Той сцябаў цяпер, аж люба:\\ Па паўгарца іншы жраў. Будзе поўна пекла наша,\\ Будзе мне і пеклу чэсць.\\ Наварыў я смачнай кашы —\\ Бяры лыжку, ёсць што есць. У паўдні, сярод дарогі,\\ Рэжуць, топяць у Дзвіне.\\ Не, няможна без падмогі,\\ Аднаму няспраўна мне. Я аб гэтым і сабраўся\\ Бегчы ў пекла к сатане,\\ Штоб ён даў адтуль шубраўца9\\ У таварышы ка мне». «А ці ведаеш, сваячык,\\ Што-ткі я скажу табе;\\ Куды дзенусь, небарачык,\\ Ласку зроб — вазьмі к сабе. Хоць мяне й забілі гады,\\ Можа, мне нядоўга жыць,\\ А ўсё ж пеклу радзець нада,\\ Трэба троху паслужыць». «Жаль цябе мне і самому,\\ Ну ды ладна, дай руку.\\ Адказаў бы я чужому,\\ А няможна ж сваяку». Тут два д’яблы схамянулісь,\\ Верць туды-сюды хвастом\\ I з разгону апынулісь\\ Пад Задунайскім мастом10. 1. Чорт, д'ябал; 2. Ускосны падатак на тавары шырокага спажывання; 3. Корчмах; 4. Рэкруты; 5. Не турбуе; 6. Паносам; 7. Да заставы; 8. Навала, напасць; 9. Свавольніка, жартаўніка. Тут - чорціка; 10. Мост у Віцебску (ад Задунайскай слабады). Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/канстанцін-вераніцын-тарас-на-парнасе]] * [[аналіз-і-крытыка/вобраз-палясоўшчыка-тараса-ў-паэме-тарас]] * [[постаці/канстанцін-вераніцын]]