~~META: title = Галіна Багданава — АС-лінія &keywords = Багданава, АС-лінія, лінія &abstract = Чытаць кароткі змест эксперыментальнай п'есы Галіны Багданавай "АС-лінія" &iftrue = nan ~~ ====== Галіна Багданава — АС-лінія ====== Эксперыментальная п'еса Галіны Багданавай "АС-лінія" звязана з грамадска-палітычнымі рэаліямі і, дарэчы, мае падзагаловак "Абсурд у стылі посткамунізму". П'еса з безыменнымі персанажамі: Непрадажны мастак, Вучоны з авоськай, Былая Савецкая Дама, Былы партыец, у ліку персанажаў манекены, саламяныя лялькі, Цені ў рудых скуранках.\\ Цэнтр дзеяння - бясконцая, можна сказаць, адвечная чарга па яйкі, у якой сустракаюцца жыхары посткамуністычнага часу. Іх размовы, маналогі і дыялогі - абсурдныя, як таго патрабуе жанр, але навідавоку бязрадасная праўда пра бязладдзе. Вось адзін з маналогаў у чарзе:\\ С т а л і ч н а я п р а в і н ц ы я л к а (манекену наперадзе). А я вот вчара сем дзесяткаў взяла, дык закатала. Я всё цяперака катаю. Мяса, кур, цяперака вот яйца... Жарыш, як яішніцу, жырам пералажываеш і ў банкі. Жарыш, жырам пералажываеш і ў банкі. Катаеш і ў падвал. Катаеш і ў падвал. Ну дык што з тых сямі дзесяткаў! Тры паўлітровікі всяго вышла. Надо шчэ б хоць дзесятачкаў пяць узяць. А то з заўтрашняга дня, гаварат, усё ў два разы даражаець. І етыя яйца, скажу вам, слухайце сюды, вы толька падумайце! Куда ета правіцельства толька глядзіт! Мне б хоць пяць дзесятачкаў, хоць пару баначак шчэ б закатаць! Летам да маткі ў дзярэвню ехаць - мілае дзела! У мяне матка раньша, і карову, і кур, і кабанчыка дзяржалаа цяперака нянечкай у дзецкі сад устроілася. Не пыльна і завсегда сытая. Шчэ і нам, як прыедзем, прынясе катлетаў якіх ці бліноў. Карову прадала, свіней прадала. Нам матацыкал купіла. З каляскаю. Мы цяперака да яе на матацыкле ездіім.\\ Вайсковец у чарзе любоўна пералічвае ў дыпламаце пляшкі са спіртам "Раяль". Ветэраны задумваюць узяцца за рукі і стварыць "АС-лінію", дзякуючы якой адновіцца "Саюз непарушны". Студэнты збіраюцца ў чарговы камерцыйны ваяж у Турцыю. Цені ў скураных куртках спяваюць заліхвацкія прыпеўкі. Побытавае, рэальнае змешваецца з ірэальным, аздабляецца "чорным гумарам". У творы існуюць не толькі "тутэйшыя" постсавецкія рэаліі, але і прыкметы літаратурнай традыцыі, як зазначае І. Шаблоўская:\\ "Паэтыка гульні, снабачання... моўны фактар - усё гэта нясе спецыфічную беларускую афарбоўку".\\ "Чорны гумар", гратэскавая дэфармацыя грамадскіх з'яў эпохі "перабудовы" - не ад жадання аўтаркі пасмяяцца або пацешыцца з людской недасканаласці, неўладкаванасці. Наадварот, твор прасякнуты болем за чалавечае самапрыніжэнне. Сацыяльна-крытычны пафас "АС-лініі" скіраваны супраць прымітыўнай прагматыкі, масавай бездухоўнасці, пакланення фальшывым ідалам, якія набываюць абсурдную форму - не толькі ў літаратуры.\\ Драматургічны вопыт Г. Багданавай сведчыць пра плённасць спалучэння эксперыменту і традыцыі, новага і апрабаванага. Існуе праблема арганічнай узаемасувязі разнастайных кампанентаў? Гэта датычыцца не столькі аўтарскай устаноўкі на эксперымент або перайманне, колькі ўласна драматургічнага майстэрства.