~~META: title = Іван Шамякін — Хітруння &keywords = маша, цукеркі, сярожа, цётка, бабуля, бабулі, цукерак, елка, магазіне, доўга, елку, брат, хітруння, сяргей &abstract = Чытаць апавяданне Івана Шамякіна "Хітруння" &iftrue = nan ~~ ====== Іван Шамякін — Хітруння ====== Шасцігадовай Машы і яе старэйшаму брату Сяргею цётка пад Новы год прынесла дарагі па нашым часе падарунак – добры кулёк цукерак, самых адменных: «Мішка», «Чырвоная Шапачка», «Вавёрачка», «Крыжачок», «Грыльяж» і яшчэ нейкія, назвы якіх я і забыў ужо.\\ Цётка сказала:\\ – Хацела аддаць вашай бабулі, каб захавала да навагодняй ночы. Ды ўбачыла, як вы глядзіце на мяне з пытаннем: «А што прынесла цётка?» – і ўручаю іх вам. Але дайце абяцанне, што вы не будзеце есці іх у старым годзе. Пакладзіце пад ёлку і лічыце, што вам прынёс Дзед Мароз.\\ Сярожа сказаў:\\ – А я павешу іх на ёлку. Як яны ўпрыгожаць яе! Цётка і бабуля ўхвалілі такую задумку:\\ – Малайчына, Сярожа! Убачыце, як заззяе ваша ёлка! А Машы задумка гэтая зусім не здалася прывабнай.\\ Ёй хацелася хутчэй пакаштаваць цукеркі – хаця б па адной кожнага гатунку. Яна такі паспела запусціць ручку сваю ў кулёк, як толькі брат адвярнуўся. Ды якая там жменька – тры цукеркі змясціліся! Яна схавала іх у кішэні сваёй сукенкі. А потым пачала падбіваць Сяргея:\\ – Давай жа пакаштуем хоць па адной. Можа, яны горкія.\\ – Яшчэ што скажаш. Хіба бываюць цукеркі горкія?\\ – Бываюць, калі доўга ляжаць у магазіне.\\ – Цяпер нічога доўга не ляжыць, – зазначыў хлопец, бо часта чуў гэта ад бабулі, ад бацькоў, цяпер, маўляў, у магазінах усё разбіраюць умомант.\\ Брат, выдаючы сябе за дарослага, злітаваўся над сястрой і даў ёй дзве цукеркі.\\ – А гэтыя вешаю! Дай іголку з ніткай. Я буду чапляць іх. Але глядзі, Маша, сарвеш з ёлкі – атрымаеш па руках. Цябе ж трэба вучыць, каб ты не была сквапнай. Ты ведаеш, які гэта грэх – быць сквапнай?\\ Брат умела падвешваў цукеркі на ёлку, стоячы на табурэце. Маша падавала. Але не стрымалася, каб яшчэ колькі ўпотай не сунуць у кішэню; збегала ў свой пакой і схавала ў скрынку, у якой ляжала яе любімая лялька.\\ Сяргей саскочыў з табурэткі, замілавана агледзеў сваю працу. Ёлка ззяла ад каляровых абгортак.\\ – Шкада, не хапіла на гэты бок, ад акна.\\ Маша цяжка ўздыхнула, шкадуючы, што не хапіла. Весела сустрэлі Новы год. Але ёлка стаяла да Ражаства Хрыстова.\\ Пасля Каляд бабуля сказала:\\ – Здымайце вашы цукеркі, а то высахнуць. Сярожа палез здымаць. Маша затрымалася на кухні – бліжэй да бабулі.\\ I раптам пачуўся крык і стогн. Ці не зваліўся хлопец? Кінуліся ў пакой. Сярожа стаяў на табурэце.\\ – Што такое, унучак?\\ – Ты паглядзі, што ў гэтых цукерках?! Сухі хлеб! Ён зрываў прыгожыя абгорткі, мяў, і з іх сыпаліся крошкі сухога хлеба.\\ – Гэта яе работа! Яе!\\ – Чыя? – спытала Маша.\\ – Твая!\\ – Мая? Ну, ведаеш… За такую абразу раней выклікалі на дуэль. Ты будзеш на каленях прасіць у мяне прабачэння.\\ Бабуля прыкрыла хусткай рот і ледзьве стрымлівала смех.\\ – А хто замест цукерак напхаў хлеба?\\ – Можа, у магазіне.\\ – Хітруння ты! Хітруння! Каму ў магазіне гэтым займацца?\\ – Ёсць каму, – аўтарытэтна, з пераканаўчасцю дарослай сказала Маша.\\ Доўга ў доме смяяліся з гэтых цукерак. Але ніхто не вінаваціў Хітрунню. Нават Сяргей смяяўся разам з усімі. Вось такая наша Маша! Была. Пакуль не вырасла. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-шамякін/адказы-на-пытанні-па-аповесці-гандлярка-]] * [[постаці/іван-шамякін]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-злая-зорка]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-непаўторная-вясна]] * [[творы/іван-шамякін/сэрца-на-далоні-адказы-на-пытанні]]