~~META: title = Іван Шамякін — Кнігі &keywords = кнігі, цімох, шафу, маці, кніг, грубкі, стары, паветра, пыхані, бацька, ведаў, сцяной, дзверы &abstract = Чытаць апавяданне Івана Шамякіна "Кнігі" &iftrue = True ~~ ====== Іван Шамякін — Кнігі ====== Была ў Пыхані ў мяне асаблівая радасць – кнігі. Але як я дабраўся да іх? Сям’ю нашу пасялілі ў новым доме з двума ганкамі. У адной палавіне жылі мы. Другая была накшталт клуба, там збіралі аб’ездчыкаў, леснікоў, пажарнікаў, рабочых, якія прачышчалі лес, вывозілі бярвенне і дровы на станцыю.\\ Але ўсе яны збіраліся не часта, а пастаянна, удзень і ўвечары, у зальчыку тым сядзеў старшыня рабочага камітэта Цімох Цыкуноў, хлопец, як казалі, з галавой, адукаваны, але інвалід – моцна кульгаў, як бацька мой, паранены парубшчыкамі.\\ Праз сцяну чуваць было, як ён рабіў даклады – адукоўваў малапісьменных леснікоў і рабочых. Часам там гучэў смех. Бацька яго, ляснік, жыў тут жа пры лясніцтве, з сястрой Цімоха я хадзіў у школу. Але якое магло быць у нас сяброўства, калі яна вунь дзе – у сёмым класе. Сямікласнікі з Пыхані, з Караліна ў школу і са школы ішлі асобна, не штурхаючыся з намі, малечай, не гуляючы ў снежкі. Я ім зайздросціў – калі сам стану такім? – але не любіў: задавакі!\\ Як бы адчуваючы сваю віну, я баяўся Цімоха. Не, баяўся не за сястру яго – па іншай прычыне. Мяне што магнітам цягнула ў палавіну дома за сцяной, дзе размяшчаўся загадкавы рабачкам і якую называлі «клубам лясніцтва».\\ Аднойчы, калі там сабраўся мнагалюдны сход, я за спінамі дарослых праціснуўся туды. Цімох угледзеў мяне, здзівіўся:\\ – А ты чаго тут?\\ – А ён – за бацьку, – пажартаваў ці сказаў сур’ёзна стары Цыкуноў: бацьку майго, крамніка, на сходы такія не запрашалі.\\ Не выгналі мяне: «Сядзі».\\ Пасля даклада ляснічага Войтава аб новых нормах выпрацоўкі выступіў Цімох, як я зразумеў, з дакладам аб міжнародным становішчы. Але перад выступленнем сваім адчыніў вялікую шафу, каб узяць паперы і газеты. І ў мяне, далібог жа, «разбегліся вочы», як казала маці, і закружылася галава: у шафе – паўнютка кніг, і не абы-якіх – некаторыя з залатымі карашкамі; я ведаў гэтыя кнігі – давала мне Валянціна Андрэеўна такія томікі – Пушкіна, Тургенева...\\ І не мог я ў тую ноч доўга заснуць: стаялі перад вачамі кнігі. Як блізка яны – за сцяной! Але як дабрацца да іх? Дзіўна, але я сасніў – як. У першыя ж дні жыцця ў гэтым доме я выявіў, што ў тую другую палавіну – у клуб – ёсць шчыліна, толькі высока – паміж столлю і грубкай, якая пярэдняй палавінай, дзе была топка, грэла нашу хату, а задняй, глухой, ацяпляла клуб.\\ На сходзе я выявіў, што казачная шафа стаіць побач з сіняй сцяной грубкі. І я сасніў, як лезу туды. Лазіць я ўмеў: мала было ў абходзе дрэў, на якія я не ўзбіраўся! Штаны ў пэўным месцы «гарэлі», здзіўляючы і засмучаючы маці.\\ І вось я выбраў дзень, калі можна залезці. Цімох знаходзіўся на нейкай вучобе. Бацька паехаў у ОРС. Маці намачыла бялізну, пайшла на рэчку. Павел пайшоў у школу. Я не пайшоў – прыкінуўся, што баліць горла.\\ Галю адаслаў да суседзяў гуляць. Двухгадовая Таня нічога яшчэ не разумела.\\ Падсунуў да грубкі стол, на стол – табурэтку... І шмыгнуў, што вавёрка. З грубкі – на шафу, з шафы – на лаўку.\\ Але во бяда – шафа была зачынена. На маё шчасце, на акне ляжалі цвікі, з іх дапамогай я адчыніў няхітры замочак. Але – во дурань! – не падумаў: у што ж забяру кніжкі? А забраць хацелася больш, часта ж не палезеш, з’явіцца Цімох – зловіць злодзея. Трэба было захапіць торбу, у якую клаў і кнігі, і хлеб, калі пасвіў каровы.\\ Натаптаў кнігі за пазуху, але, раздзьмуты, як цельная карова, ледзьве ўзлез на шафу, на грубку, саскочыў з грубкі.\\ Апынуўшыся дома, у бяспецы, раптам адчуў сябе злодзеем. Ведаў, што кнігі палажу назад. І аднак... Якое гэта пакутлівае, пачварнае пачуццё – адчуваць сябе злодзеем! Хацелася бязлітасна пакараць сябе! І зараз жа пакласці кнігі назад. Але час... хутка вернецца маці. Схаваў кнігі ў каморцы ў мяшок з жытам. Адну – за пазуху. І як толькі прыйшла маці, вырваўся з дому – на горла забыўся, хоць маці дзіўна пагразіла:\\ – Глядзі ж, расхварэешся – не прыходзь дадому!\\ Але мелася ў мяне месца, дзе я хаваўся ад хатняй працы, ад бацькавай крамы і чытаў, – сушылка, дзе сушылі шышкі, каб з іх высыпаліся зерні. Сушыльшчыкам рабіў стары дзед, цёзка мой – Іван Дзегцяроў. Чалавек неадукаваны – ні чытаць, ні пісаць, але майстра на ўсе рукі. І ён любіў мяне. Я чытаў яму кнігі ўголас. Слухач ён быў незвычайны. Нярэдка з вачэй яго каціліся слёзы, калі ён слухаў штось накшталт «Дуброўскага». І ён не саромеўся іх, слёз сваіх. Смутна ўздыхаў:\\ – Не даў мне Бог граматы, усе кнігі перачытаў бы, – не ведаў дзядуля, колькі іх напісана, кніг; я ўжо, бадай, уяўляў, але не расчароўваў старога.\\ Казачныя гадзіны, што правёў я ў сушылцы, на ўсё жыццё запомніліся. Цішыня ў люты мароз незвычайная. Гудзе ў топцы агонь, трашчаць бярозавыя і асінавыя паленні. А паветра – ажно густое ад смалістага паху шышак. Жыццятворнае паветра. І мы, два Іваны, стары і малы, сядзім каля замерзлага акенца і жывём незвычайным жыццём – на бязлюдным востраве разам з Рабінзонам і Пятніцам ці абодва плачам над няшчасным лёсам Герасіма з «Муму», і яго шкада, і шчанё.\\ Не помню, колькі разоў удалося злазіць мне ў тую запаветную шафу. Няшмат. Можа, разы тры. Але кніг прачытаў многа.\\ І вось надышоў канец майму «злачынству». Не горкі – шчаслівы.\\ Выбраў неяк хвіліну пад вечар, калі бацькоў не было, а Павел злавіў мяне раней і я мусіў зрабіць яго хаўруснікам: хлопец ён быў верны, вартаўнік надзейны. Залез я знаёмым ходам, выбіраю кнігі пры святле вячэрняга сонца. І раптам – крокі на ганку. Галасы. О, жах! Цімох! І не адзін. Што рабіць? Куды схавацца? Злоўлены злодзей зашываецца ў любую шчыліну. Я не прыдумаў нічога лепшага, як залезці ў шафу, на ніжнюю паліцу, на падшыўкі газет.\\ Цімох прыйшоў з сябрам. Распрануліся і селі... гуляць у шахматы. А хто не ведае, якая гэта марудная гульня. Во ўліп, дык уліп!\\ Але нягледзячы на страх, ад недахопу паветра я заснуў і, відаць, захрапеў. Прачнуўся-ачухаўся толькі тады, калі мяне, як шчанюка з кануры, выцягнулі з шафы. Здзівіліся хлопцы вельмі, але зарагаталі:\\ – Во з’яўленне Хрыста народу!\\ Я хлюпнуў носам:\\ – Дзядзечка Цімох, я кніжкі ў вас браў. Але, далібог, я іх ставіў назад.\\ – Ды як ты лазіў сюды?\\ Я паказаў угару:\\ – Праз грубку.\\ – Ну, цыркач! Праз дзверы не мог зайсці?\\ – Думаў, дзецям вы не дасце кніг.\\ – Дзівак! Насмяшыў ты нас. Выбірай кнігі – якія хочаш. І выходзь праз дзверы. І заходзь у дзверы.\\ Во шчасце! Не думаў, што людзі такія добрыя. За нейкія чатыры месяцы жыцця ў Пыхані я прачытаў шафу кніг. Цэлую шафу. Хіба не шчасце?! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-шамякін/сэрца-на-далоні-адказы-на-пытанні]] * [[постаці/іван-шамякін]] * [[творы/іван-шамякін/адказы-на-пытанні-па-аповесці-гандлярка-]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-непаўторная-вясна]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-злая-зорка]]