~~META: title = Іван Шамякін — Воўк &keywords = бацька, воўк, дарозе, вуліцы, лесу, пайшоў, маці, ішоў, паратунак, вёскі, баяўся, поле &abstract = Чытаць апавяданне Івана Шамякіна "Воўк" &iftrue = True ~~ ====== Іван Шамякін — Воўк ====== Бацька мой рабіў лесніком, і я рос у лесе. І з малых гадоў я так зжыўся з лесам, што нічога не баяўся ў ім: ні людзей, ні ваўкоў, ні каршуноў.\\ На дзявятым годзе я пайшоў у школу, у вёску ажно за тры кіламетры. «Тры з гакам», – казаў мой бацька. То пэўна быў і гак, калі ісці не па-за гародамі, а па вуліцы. Школа змяшчалася на другім канцы доўгай вуліцы. Але на вуліцы той трэба было «фарсіраваць пераправы» – вялікія лужыны. А па-за гародамі дарога была пясчаная.\\ Калі дзень паменшаў і ў школу трэба было ісці ў прыцемкі, маці часам праводзіла мяне: выводзіла з лесу ў поле, адкуль былі відаць хаты вёскі.\\ Бацька хмыкаў на гэтыя провады, і я нікому ў школе не прызнаваўся, што мяне вяла маці. Сам ішоў!\\ – Я нічога не баюся! Ні ваўкоў. Нічога.\\ – А мог бы ты пайсці ўначы на могілкі?\\ Тут маёй заячай харобрасці не хапала сказаць: «Магу!»\\ Не, не мог. Чаго баяўся? Страшных казак, што расказвала цётка, якая памагала маці па гаспадарцы. Казкі гэтыя рабілі баязліўцам. Я смела ішоў уначы па лесе. А цемры ў сенцах леснічоўкі баяўся, праскокваў гэтыя сенцы, заплюшчыўшы вочы.\\ Лягла зіма. Снежная. У тую ноч таксама ішоў снег, але ціхі, дарогі не замёў.\\ Весела я выскачыў з лесу ў поле, дзе ўжо добра развіднела. Весела мясіў малады снег, размахваючы палатнянай торбай з букваром і сшыткамі.\\ Але што там чарнее наперадзе?\\ Угледзеўся: сядзіць сабака, шэры.\\ Няўжо Шарык майго сябра Аніські выбег мяне сустрэць? Калі я, здаралася, затрымліваўся ў Аніські, яны часам праводзілі мяне.\\ Я смела наблізіўся. Не, не Шарык, не падобны. Я спыніўся, гукнуў:\\ – Ату! Чаго сеў на дарозе? Бяжы ў вёску.\\ «Сабака» ні з месца.\\ І тут я падумаў: «А калі гэта воўк?» – і мяне апанаваў страх. Што рабіць?\\ Павярнуўся і пайшоў назад да лесу, падсвядома ўпэўнены, што лес мяне абароніць. Я верыў у цудадзейную сілу лесу.\\ Азірнуўся. Ваўка на дарозе няма. Ага, спалохаўся?\\ Але тут жа ўгледзеў, што ён абганяе мяне па глыбокім снезе, ныраючы ў яго пысай.\\ Абагнаў і зноў сеў на дарозе, не пускаючы мяне ў лес. Во навала! Што ж рабіць?\\ Павярнуў назад да вёскі. Не бачыў, як ён абагнаў, але ўбачыў яго на дарозе перад сабой, бліжэй, чым раней.\\ Тут ужо я спалохаўся не на жарт. Што рабіць?\\ Вырашыў: лепшы паратунак – моўчкі стаяць. Без крыку, гікання. Пакуль ён сядзіць. Не ведаю, колькі часу прастаяў, анямелы ад страху, акалелы.\\ Ды, на маё шчасце, з вуліцы вёскі паказаліся дзве падводы: сяляне ехалі па дровы. Я іх убачыў і акрыяў: паратунак!\\ Воўк, мабыць, захапіўся разгляданнем маёй постаці – не нападаў ён на людзей, але есці, відаць, хацеў, таму заўважыў сялян толькі тады, калі яны закрычалі:\\ – Ату яго! Ату!\\ Воўк доўгімі скачкамі кінуўся ў бок да бліжэйшага кустарніку.\\ Сяляне сказалі:\\ – Ну, хлапец, маліся Богу, што мы ехалі.\\ А ў леснічоўцы, прывёзшы мяне туды, бязлітасна пажартавалі:\\ – На, Сынклета, твайго Івана, ад ваўка адабралі. З зубоў вырвалі.\\ А бацьку зрабілі вымову:\\ – Як гэта ты, Пятро, адсылаеш малога аднаго ў такую рань? Глядзі, да бяды недалёка. Давай нам за паратунак сына гатовыя дровы.\\ Пасля той сустрэчы для мяне наступіла лёгкае жыццё: бацька на санях адвозіў мяне да самай школы ўсю зіму.\\ Я ўжо вырас і хадзіў сам, нават калі пайшоў у другую змену і вяртаўся зацемна, а леснікі, збіраючыся ў нас, успаміналі гэты выпадак і вырашалі, чаму воўк не з’еў мяне адразу, а вырашыў пагуляць у «жмуркі».\\ – Апетыт наганяў, – жартаваў вастраслоў Коцікаў. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-злая-зорка]] * [[постаці/іван-шамякін]] * [[творы/іван-шамякін/адказы-на-пытанні-па-аповесці-гандлярка-]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-непаўторная-вясна]] * [[творы/іван-шамякін/сэрца-на-далоні-адказы-на-пытанні]]