~~META: title = Іван Шамякін — Без пакаяння &keywords = Шамякін, пакаянне &abstract = Чытаць кароткі змест аповесці Івана Шамякіна "Без пакаяння" &iftrue = nan ~~ ====== Іван Шамякін — Без пакаяння ====== Аповесць "Без пакаяння" [[постаці/іван-шамякін|Івана Шамякіна]] — пра маральную дэградацыю аднаго з нашых сучаснікаў — заможнага камерсанта ці так званага "новага беларуса". Наваяўлены багацей, уладальнік булачнай крамы Казімір Анкуда, з пнеўматычнага пісталета застрэліў хлопчыка. Праўда, хацеў напалохаць малога, калі той без дазволу ўзяў з хлебавозкі батон. Упершыню Васілёк стаў злодзеем, але да гэтага яго падштурхнуў голад. Хлопчык спалохаўся свайго ўчынку, бо яго вучылі: не ўкрадзі, хацеў пакласці батон назад, аднак яго напаткала злашчасная куля. Казімір Анкуда не кінуўся ратаваць дзіця, а потым, нягледзячы на душэўныя пакуты, не здолеў узненавідзець сябе і пакаяцца ў найвялікшым граху. Каб закрыць крымінальную справу, яму прапануе свае паслугі за "зялёненькія", гэта значыць за даляры, пракурор Якімкін. Сумленне ўсё ж, напэўна, загаварыла ў Анкудзе, але ўжо тады, калі ён зразумеў, што не можа далей існаваць на свеце — перад вачыма стаяла дзіцячая труна і, як прывід, не пакідала яго свядомасць. Пісьменнік сваім творам гаворыць, што няма нічога вышэйшага як чалавечае жыццё, як жыццё дзіцяці. I тут Iван Шамякін ідзе за гуманістычнымі традыцыямі сусветнай літаратуры і даводзіць, як і некалі вялікі рускі пісьменнік Фёдар Дастаеўскі, што найвышэйшы Бог на зямлі — гэта дзіця. Пісьменнік выступае супраць таго "новага класа" бізнэсоўцаў, якія нярэдка робяць разменнай манетай практычна ўсё, што іх акружае. Чалавек, здавалася б, павінен быць мерай усяго, але, як паказвае празаік, прага ўзбагачання ўсё часцей штурхае людзей на подласць, хцівасць, бесчалавечнасць. I, як ні сумна, сёння такія тыпы, як Якімкін, спрыяюць таму, каб рознага роду анкуды-крымінальнікі заставаліся беспакаранымі, адчувалі сябе звышлюдзьмі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-шамякін/сэрца-на-далоні-адказы-на-пытанні]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-злая-зорка]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-непаўторная-вясна]] * [[творы/іван-шамякін/адказы-на-пытанні-па-аповесці-гандлярка-]] * [[постаці/іван-шамякін]]