~~META: title = Іван Шамякін — Азбука &keywords = бацька, літары, буквар, мама, умею, словы, прачытаў, чытаць, каровы, ведаў, хаце &abstract = Чытаць апавяданне Івана Шамякіна "Азбука" &iftrue = True ~~ ====== Іван Шамякін — Азбука ====== Бацька сказаў:\\ – Во што, Іван... Хопіць табе цёлкам хвасты круціць і на рагах катацца. Пойдзеш у школу...\\ Наступала восень. Але ў той час заняткі не пачыналіся першага верасня – пазней, калі канчаліся палявыя работы, бо ўсе вучні памагалі бацькам.\\ У нядзелю бацька паехаў на базар у Дабранку і адтуль прывёз мне буквар. Узрадаваўся я незвычайна. Першая кніга! Мая! Да таго ў хаце бадай што не было кніг, толькі ў бацькавай торбе – пацёрты леснікоўскі даведнік з табліцамі, ды ў маці ў скрыні ляжаў маліцвеннік, як яна называла, пасля я прачытаў, што гэта Псалтыр. Чытаць маці не ўмела. А бацька быў ого які грамацей! Скончыў ажно два класы царкоўнапрыходскай школы.\\ Бацька паказаў мне літары.\\ – Во ета – а, а ета – бэ, ета – мэ.\\ Я на дзіва хутка запомніў усе літары, бо ішоў мне ўжо дзявяты год. Але бацька, хоць і ўмеў чытаць, водзячы жоўтым пракураным пальцам па радках, але сакрэту, вялікай тайны – як літары складваць у словы, – можа, і сам не ведаў.\\ З букваром я не расставаўся. Абгарнуўшы яго шматком чыстага палатна, браў з сабой у лес, калі гнаў каровы. Пад восень камарэчы не было, і жывёла пасвілася спакойна. Ды і я ўжо быў умелы пастух – другое лета пасвіў. Ведаў, куды гнаць, дзе каровы і цёлкі вядуць сябе спакойна.\\ Была любімая прасека. Там стаялі шуркі дроў, якія вывезуць толькі зімой па снезе. Я забіраўся на такую шурку, каб з вышыні назіраць за статкам і ў соты раз гартаў буквар. Ведаў кожную літару, кожны малюнак. Але ніхто мне не растлумачыў, як літары складаюцца ў словы.\\ А, бэ, гэ, мэ... А тут вось побач мэ і а. I выходзіць мэа. Глупства нейкае. Такога слова няма ў людзей, хіба авечкі так мэкаюць.\\ Не помню, як здагадаўся прачытаць м без э, а з суседняй літарай а. Выйшла нешта людскае ма. I побач праз злучок – ма. А разам ма-ма. Мама! Мама! Дык вось яно што! Вось яна – разгадка вялікай тайны!\\ I далей не мэы, а мы, не лэа, а ла: мы-ла. Мама мыла! О цуд які! I як проста! А далей не рэамэу, а pаму. Мама мыла раму.\\ – Умею! Умею! Умею! – закрычаў я на ўвесь лес, спалохаўшы кароў.\\ Кульнуўся з шуркі ў траву і качаўся там, дрыгаючы нагамі. Такой радасці, як у той дзень на лясной паляне, я, бадай, не перажываў за ўсё сваё доўгае жыццё, нічому гэтак не радаваўся, як таму дзіцячаму адкрыццю, як складаць літары ў словы. Гэта сапраўды цуд, за якія тыдзень-два я прачытаў увесь буквар.\\ У бацькі хапала клопатаў на гародзе. Ды і ў абходзе нямала работы было, тады яшчэ кожны селянін меў каня і ўмеў украсці ў лесе. Прымаўка была: «Хто ў лесе не злодзей, той у двары не гаспадар».\\ Карацей кажучы, бацьку было не да мяне і майго буквара. Але ў дажджлівы дзень, калі я прыгнаў каровы на дзённую дойку, бацька ўспомніў пра маю навуку.\\ – Ну, грамацей, не забыўся літары?\\ – Не забыўся. Усе знаю.\\ – Давай праверым.\\ Бацька тыцкаў пальцам у літары.\\ – Гэта якая? А гэта?\\ – Пэ. Я чытаць умею.\\ Адгарнуў колькі старонак і голасна прачытаў:\\ – Маша ела кашу.\\ – Цябе хто навучыў? – здзівіўся бацька.\\ – Ніхто. Сам.\\ – Сам? – Яшчэ больш здзівіўся бацька і разгарнуў буквар далёка за палавіну, дзе была намалявана ўжо зіма.\\ – А тут можаш прачытаць?\\ – Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому. Кліча яго рэчка, цягнуць санкі з дому.\\ У бацькі расшырыліся вочы, і ён пахваліў па-свойму, па-леснікоўску:\\ – Ну, змей! Быць табе ляснічым.\\ Ляснічы – начальнік над усімі леснікамі. Бацька і пасля, калі я хадзіў у школу, у старэйшыя класы, вельмі хацеў, каб я вывучыўся на ляснічага.\\ \\ Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-злая-зорка]] * [[постаці/іван-шамякін]] * [[творы/іван-шамякін/іван-шамякін-непаўторная-вясна]] * [[творы/іван-шамякін/сэрца-на-далоні-адказы-на-пытанні]] * [[творы/іван-шамякін/адказы-на-пытанні-па-аповесці-гандлярка-]]