~~META: title = Творчасць Івана Чыгрынава &keywords = вайны, рамана, зазыба, творах, масея, падзеі, герой, дзяніс, барацьбы, івана, чыгрынава, птушкі &abstract = Іван Чыгрынаў – празаік і драматург &iftrue = nan ~~ ====== Творчасць Івана Чыгрынава ====== У першых празаічных творах [[постаці/іван-чыгрынаў|Івана Чыгрынава]] (апавяданні "Птушкі ляцяць на волю", "Па сваіх слядах", "[[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-бульба|Бульба]]", "Дзічка", "Плывун") знайшлі выяўленне духоўная сіла чалавека, яго ўнутраны стан, маральная прыгажосць, вернасць абавязку, памяць вайны. Асноўнай жа ў творчасці пісьменніка стала тэма вайны, якой прысвечаны раманы "[[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-плач-перапёлкі|Плач перапёлкі]]", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы", "Вяртанне да віны", "Не ўсе мы згінем". Падзеі ў пенталогіі пачынаюцца з першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны і заканчваюцца летам 1944 г. Вайна ў творах разглядаецца як трагедыя ўсёй Беларусі, дзе загінуў кожны трэці чалавек, незалежна ад таго, прымаў ён у ёй дзейсны ўдзел ці стаў нявіннай ахвярай. Асноўны акцэнт пісьменнік робіць на ўспрыманні вайны мірнымі жыхарамі, якія (па маральных нормах) не павінны былі ваяваць, але з-за складаных абставін вымушаны былі ўзяцца за зброю.\\ У рамане "Плач перапёлкі" паказваецца жыццё ў вёсцы Верамейкі ў першыя тыдні і месяцы вайны, калі Чырвоная Армія адступіла, а немцы яшчэ не прыйшлі. Вёска як бы замерла, прыцішылася ў трывожным чаканні вялікай бяды, трагічных падзей, якія прадвяшчае нават перапёлка. "Калі птушкі так плачуць са свайго гора, то як жа тады павінны галасіць людзі, у якіх гора наогул бывае незраўнана больш, а цяпер дык і зусім цераз край?" – разважае галоўны герой Дзяніс Зазыба. Тое, чаго чакалі жыхары вёскі ў першым рамане, у наступных творах стане жахлівай рэальнасцю, калі верамейкаўцы тварам у твар сустрэнуцца з ворагам.\\ У першых раманах І. Чыгрынаў выпісаў яркія, запамінальныя вобразы вяскоўцаў (Парфёна Вяршкова, Кузьмы Прыбыткова, Івана Падзерына, Розы Самусёвай, Марфы Зазыбы, Ганны Карпілавай і інш.), кожны з якіх характарызуецца сваім успрыманнем рэчаіснасці, сваімі адносінамі да жыцця, працы, людзей, ваенных падзей. Сярод усіх верамейкаўцаў вылучаюцца Радзівон Чубар і Дзяніс Зазыба, якія ў цяжкіх сумненнях, супярэчлівых развагах і памылках становяцца на шлях актыўнай барацьбы з ворагам.\\ Радзівон Чубар, старшыня калгаса, выхаваны на строгім падпарадкаванні партыйнай дысцыпліне, жыве па інструкцыях, указаннях і распараджэннях начальства, не заўсёды здольны да самастойных рашэнняў. І таму ў першыя дні вайны адчуў разгубленасць, бездапаможнасць, безвыходнасць. У такім стане ён аказаўся здольным на самыя рызыкоўныя і бессэнсоўныя ўчынкі. Палічыўшы разважанні ваенурача шкоднымі для разгортвання партызанскай барацьбы, ён учыняе над ім самасуд. Пасля блуканняў па лесе ў пошуках партызан ён вяртаецца ў родныя мясціны і падпальвае копы жыта, каб тыя не дасталіся немцам. Пры гэтым герой твора не разумее, што жыта пазней можа спатрэбіцца сялянам, партызанам.\\ У наступных раманах Чубар стане больш разважлівым, самастойным, пачне кіравацца канкрэтнай неабходнасцю, абставінамі, умовамі барацьбы, а не голымі інструкцыямі і партыйнымі лозунгамі. Трапіўшы ў рукі нямецкага карнага атрада, кіраўнікі якога патрабавалі паказаць размяшчэнне партызанскага атрада Мітрафана Нарчука, ён праявіў вытрымку, мужнасць, высокую чалавечую годнасць і выбраў смерць, а не здрадніцтва.\\ Процілегласцю Чубара ў рамане выступае Дзяніс Зазыба, удзельнік грамадзянскай вайны, патомны земляроб, былы старшыня (пазней намеснік старшыні) мясцовага калгаса. Селянін паводле сваёй псіхалогіі, ён клапоціцца пра людзей і ў мірны, і ў ваенны час, не ўяўляе свайго жыцця без роднай вёскі, без яе жыхароў. Таму і вяртаецца герой твора ў вёску, хоць была магчымасць застацца за лініяй фронту. "Хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае", – пацвярджае ён свой учынак мудрай прыказкай.\\ Вобраз Зазыбы даволі складаны, драматычны. Камуніст па перакананнях, змагар за ўсталяванне новага ладу, арганізатар партызанскага руху, ён паступова пачынае ўсведамляць, што і за савецкую ўладу, і за вызваленне Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў праліта многа крыві, якую поўнасцю апраўдваць нельга. Эвалюцыя яго поглядаў на сталінскія рэпрэсіі яскрава праследжваецца ў адносінах да сына Масея. Калі ў першых творах (асабліва пасля вяртання Масея ў вёску) Зазыба лічыць яго не ахвярай несправядлівай таталітарнай сістэмы, а злым выпадкам, то ў наступных раманах адкрыта гаворыць аб тэроры, які ажыццяўляў Сталін супраць уласнага народа. "Праўду не заўсёды робяць шаблямі", – прыходзіць да такой высновы Зазыба, які застаўся ў спаленай вёсцы адзін: жонку забілі партызаны, а сын, як былы "вораг народа", вымушаны ўцякаць, назаўсёды пакідаючы бацьку і Радзіму. У вобразе Масея паказаны пэўныя моманты біяграфіі вядомага пісьменніка-эмігранта [[аналіз-і-крытыка/-а-часу-больш-чым-вечнасць-творчасць-мас|Масея Сяднёва]].\\ І. Чыгрынаў унёс значны ўклад у развіццё беларускай драматургіі. У цэнтры ўвагі драматурга перш за ўсё гістарычныя падзеі, выдатныя дзеячы беларускай гісторыі. Драма "[[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-звон-не-малітва|Звон – не малітва]]" прысвечана полацкай князёўне Рагнедзе і яе сыну Ізяславу, "Прымак" – беларуска-літоўскаму князю Ягайлу, яго жонцы Соф’і Гальшанскай, князю Івану Друцкаму, "Чыстыя рэкі, мутныя воды" – ваяводу, гетману Вялікага княства Літоўскага, кіраўніку войск-пераможцаў у Аршанскай бітве 1514 г. Канстанціну Астрожскаму, "Следчая справа Вашчылы" – выдатнаму кіраўніку антыфеадальнага сялянскага паўстання ў Крычаве ў 1743-1744 гг.\\ У некаторых п’есах І. Чыгрынава ("Чалавек з мядзведжым тварам" і "Ігракі") узнаўляюцца трагічныя падзеі нядаўняй гісторыі, калі набірала моц таталітарная сістэма і генацыд супраць нацыі выконваўся рукамі сталінскіх "троек". У п’есах "Хто вінаваты" і "Толькі мёртвыя не вяртаюцца" зроблена спроба асэнсавання вынікаў чарнобыльскай трагедыі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-звон-не-малітва]] * [[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-дзівак-з-ганчарнай-вуліцы]] * [[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-бульба]] * [[творы/іван-чыгрынаў/іван-чыгрынаў-у-ціхім-тумане]] * [[постаці/іван-чыгрынаў]]