~~META: title = Іван Пташнікаў — Львы &keywords = Пташнікаў, львы, Джукі &abstract = Чытаць кароткі змест апавядання Івана Пташнікава "Львы" &iftrue = nan ~~ ====== Іван Пташнікаў — Львы ====== Джукі – беспародны дварняк, разумны, чорны, не было яшчэ і двух гадоў. Джукі на суседзяў ніколі не брахаў. Малога яго звалі Бімам, калі падрос і ганяў курэй, сталі зваць Жукам. А увосень прыехаў іхні сусед – таксіст з Кіева. Ён зваў яго Джукі – на загранічны манер. Джукі блажыла, ён задыхаўся ад сухой гарачкі. Блажыць пачало тыдні два назад. Джукі тады сарваўся з прывязі. Быў туман – цёплы, і пах праціўнай мазутай, перагарам, паленай гумай, бензінам і... ёдам.\\ Блага мінала, ён пабег назад у Бабчын – на свой двор, дзе з учарашняга былі расчынены насцеж вароты. На двары было пуста. У хляве грукала рагамі аб сцяну карова і рохкалі свінні. Куры паселі на ганку. У хаце крычала радыё – не выключылі. Джукі шукаў маладога гаспадара. Не знайшоўшы, бег на двор і чуў, што ступае лапамі на мёртвых пчол...\\ Гаспадар будзе – мала, што ён у тую раніцу сеў з гаспадыняй – у яе на руках было двое малых, а ён валок два вялікія чамаданы – у бітком набіты аўтобус. Перад тым гаспадар пусціў яго ў хату і доўга гладзіў па галаве, гледзячы ў вочы. Пасля сам лізнуў яго, Джукі, у нос і заплакаў. Джукі бег ззаду за аўтобусам аж за Стралічава, не дабегшы да Хойнік.\\ На яго напалі другія псы – Брынза, Палкоўнік, Пушок, Чапа, два Бімы, Вермут, Маркіз, Малекула, Мірон. Раней яны на яго так не нападалі. Яны ляжалі на вуліцы на пяску, галодныя, і куры клявалі ім хвасты. Джукі згледзеў, што Мірон аблез... Быў увесь шэры, нібы ўкачаны ў попел. Доўгая поўсць у яго асталася толькі на шыі і на канцы хваста, як у льва... Дагэтуль Джукі бачыў львоў толькі ў тэлевізары. Яны аблезлі, а ён не.\\ Ён ўбачыў, як з шашы ад свінакомплекса паўзлі машыны. Нізенькія, зялёныя, крытыя зялёным брызентам, яны лязгалі гусеніцамі, як трактары. А ўцякаць яму сёння нікуды не хацелася: балеў паранены жывот. Джукі пасмялеў і высунуўся ўвесь на вуліцу. Цяпер ён бачыў, што зямлю бралі на вуліцы, з гародаў. Секлі тапарамі яблыні, ламалі трактарамі частаколы ад вуліцы, грузілі на машыны і звозілі. Раскрывалі стрэхі на хатах, знімалі гонту, салому, бляху.\\ Джукі пачуў пах свайго гаспадара. Ён падбег да адной машыны, да другой. Дзе ж гаспадар? Грымнуў стрэл. Ён ведаў, як адстрэльваюць сабак. Джукі рвануўся да самазвала, скочыў у кабіну... За рулём мужчына гаварыў нешта добрае, як гаспадар. – Жыві! Толькі ўбірайся з зоны к чортавай мацеры... Вывезу на шашу пад свінакомплекс, і дуй на поўнач, на маю Віцебшчыну...\\ Джукі пачуў, як зноў падступае блага. Ён стаў на заднія лапы і паскрэбваў кіпцюрамі па шкле ў дзверцах, просячыся на волю. Ён ўскочыў на сядзенне і высунуў галаву ў задняе аконца, дзе было выбіта шкло...У кузаве ляжалі ільвы. Голыя, з доўгімі грывамі ля шыі. Ён іх добра бачыў: Малекула, Палкоўнік, Брынза, два Бімы, Чапа, Руды, Вермут і Вілія...\\ Джукі споўз і завыў на ўсю кабіну... Мужчына змоўк і затармазіў. Пасля адчыніў дзверцы: – Ідзі! Можа, і выжывеш. Не хачу на цябе глядзець, воўча лыка. Ідзі! Джукі скочыў на асфальт. У кузаве ляжалі ільвы. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-найдорф]] * [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-пагоня]] * [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-францужанкі]] * [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-тартак]] * [[творы/іван-пташнікаў/іван-пташнікаў-алені-гдз]]