~~META: title = Іван Навуменка — Сустрэча з маршалам &keywords = алёшка, маршал, галіна, андрэеўна, школа, вайсковец, вучыўся, дзяжурыць, твар &abstract = Чытаць апавяданне Івана Навуменкі "Сустрэча з маршалам" &iftrue = True ~~ ====== Іван Навуменка — Сустрэча з маршалам ====== Як толькі Алёшка прыйшоў у свой трэці клас, ён адразу адчуў незвычайнае. Вучні гучна размаўлялі, і ніхто не вымаў з сумкі кніг.\\ Галіна Андрэеўна абвясціла, што школа сёння пойдзе на плошчу: там будзе выступаць Маршал Савецкага Саюза. Алёшка аж задрыжаў ад узбуджэння. Ён ведае гэтага маршала – чытаў у кнігах пра грамадзянскую вайну, дый партрэт ягоны змешчан у падручніку па гісторыі. I якое шчасце, што ён, Алёшка, убачыць на ўласныя вочы такога выдатнага чалавека!\\ Пасля другога ўрока Галіна Андрэеўна загадала выходзіць на двор – там вучняў ужо ставілі ў калону.\\ – Дзяжурны астанецца ў класе, – сказала Галіна Андрэеўна, і Алёшка ў першую хвіліну проста анямеў. Ён зусім забыў, што сёння дзяжурыць і што перад пачаткам урокаў сам памыў анучку і выцер дошку.\\ Бачачы замяшанне хлопчыка, настаўніца хацела яму памагчы. Галіна Андрэеўна паважала Алёшку, бо ён добра паводзіў сябе і старанна вучыўся.\\ – Можа, ты, Каця, астанешся? – звярнула яна да бялявай дзяўчынкі, якая сядзела побач з Алёшкам. – Ты прастудзілася, кашляеш, і доўга на вуліцы табе быць нельга. Алёшка заўтра за цябе падзяжурыць.\\ Каця ўткнулася тварам у парту і адразу заплакала. Алёшку зрабілася няёмка.\\ – Раз мая чарга, буду дзяжурыць, – сказаў ён і адышоўся да акна.\\ Ён стаяў, стараючыся не глядзець на шумлівую, галасістую калону, якая са сцягамі, транпарантамі ў хуткім часе выбралася са школьнага двара. Двор быў пусты і нязвычна ціхі. Доўгімі радамі стаялі голыя таполі, каля якіх кружкамі ляжала апалае жоўтае лісце.\\ Алёшка хутка супакоіўся. Яму нават стала прыемна ад думкі, што ён як бы служыць усяму класу. У партах ляжаць сумкі, партфелі, ранцы, і некаму трэба за іх адказваць.\\ Выцягнуўшы з парты кніжку і прымасціўшыся ля цёплай грубкі, Алёшка пачаў чытаць. Так прайшло з паўгадзіны ці, можа, трошкі болей.\\ Раптам у калідоры пачуліся крокі, дзверы адчыніліся, і ў пакой зайшло некалькі чалавек. Наперадзе стаяў каржакаваты, немалады ўжо вайсковец. Яго твар падаўся Алёшку трохі знаёмы\\ Вайсковец агледзеў клас, рудыя падцёкі на сценах пад столлю, пабітую на дзіркі падлогу.\\ – Трэба новую школу будаваць, – сказаў ён, павярнуўшыся да старшыні сельсавета.\\ Яшчэ праз хвіліну вайсковец звярнуўся да Алёшкі:\\ – Чаму сядзіш адзін?\\ – Я дзяжурны. Школа пайшла маршала сустракаць.\\ – Я, брат, маршал і ёсць. Вось зайшоў паглядзець, якая ў вас школа. Сам некалі ў такой вучыўся.\\ У Алёшкі ад радасці перахапіла дыханне – будзе што расказаць хлопцам.\\ – Вучышся як? – спытаўся маршал.\\ – Чацвёркі толькі па пісьму і маляванню. А так пяцёркі.\\ – Малайчына. Старайся і надалей трымаць такі курс. Кніжкі любіш чытаць?\\ – Люблю. I яшчэ птушак умею лавіць. У мяне кожны дзень новая сініца.\\ Маршал зноў усміхнуўся:\\ – Вось гэта, брат, дарэмна. Птушкі любяць волю. Абяцай мне, што кінеш гэты занятак.\\ – Я іх і так выпускаю. Магу зусім не лавіць.\\ – Значыць, дамовіліся.\\ Маршал працягнуў Алёшку руку. Далонь у яго цвёрдая, пастава дужая, а твар звычайны, добразычлівы. Нават не верыцца, што маршалы могуць быць такія простыя.\\ \\ \\ Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іван-навуменка/іван-навуменка-новая-хата]] * [[постаці/іван-навуменка]] * [[творы/іван-навуменка/іван-навуменка-вераніка]] * [[творы/іван-навуменка/іван-навуменка-вайна-каля-цітавай-копанк]] * [[творы/іван-навуменка/іван-навуменка-хлопцы-самай-вялікай-вайн]]