~~META: title = Яўген Крупенька — Мама хлеб дзяліла &keywords = хлеб, дзяліла, мама, хапіла, дзетака, сарока, кашка, варыла, карміла &abstract = Чытаць верш Яўгена Крупенькі "Мама хлеб дзяліла" &iftrue = nan ~~ ====== Яўген Крупенька — Мама хлеб дзяліла ====== Хлеба было мала,\\ хлеб дзяліла мама,\\ чорны хлеб дзяліла:\\ – Ешце, ў хлебе сіла.\\ Мама жартавала,\\ калі гаварыла:\\ – Сарока-варона\\ кашку варыла,\\ кашку варыла –\\ дзетак карміла,\\ дзетак карміла –\\ дзетак лічыла:\\ – Гэтаму давала,\\ гэтай давала,\\ гэтай давала,\\ гэтай давала,\\ гэтаму давала,\\ гэтай – не хапіла.\\ Мне міргнула вокам, –\\ цяжка быць сарокай.\\ А хто была тая,\\ каму не хапіла?\\ Дзе сарока тая,\\ чый ты хлеб схапіла?\\ Як яна ўляцела?\\ Дзе яна сядзела?\\ Зачынены вокны\\ і няма сарокі.\\ Хлеб дзяліла мама,\\ пароўну дзяліла.\\ Хлеба было мала,\\ хлеба не хапіла\\ ...маме.\\ \\ \\ Крыніца: Крупенька Я. Карэнні: Вершы, байкі, паэмы. – Мн.: Маст, літ., 1986. – 255 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>хлеб]] * [[ibdc.ped>хлеб-3612]] * [[ibdc.ped>вытаптаны-хлеб]] * [[творы/янка-брыль/янка-брыль-сірочы-хлеб]] * [[ibdc.ped>хлеб-для-партызанаў]]